2010-09-04 14:46:56

Італьянскія парламентарыі здзейсняць пілігрымку ў Маскву і Санкт-Пецярбург


RealAudioMP3 Група з 80 сенатараў і парламентарыяў розных палітычных партый, на чале якой як капелан стаіць арцыбіскуп Рыно Фізікелла, сустрэнецца з кіраўніком Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, Мітрапалітам Іларыёнам.

У інтэрв’ю Ватыканскаму Радыё арцыбіскуп Фізікелла, які ўзначальвае нядаўна створаную Папскую раду па справах новай евангелізацыі, падкрэсліў, што пілігрымка стане нагодаю для ўмацавання ўзаемных сувязяў паміж парламентарыямі, якія, знаходзячыся ў Рыме, не заўсёды ўмеюць праявіць да сябе ўзаемную павагу і прыязнасць.

Тэмай пілігрымкі стануць словы святога Ігнацыя з Антыёхіі пра веды адносна бачных рэчаў і жаданне пазнаць рэчы нябачныя. «Палітык у першую чаргу пакліканы да працы ў штодзённай рэчаіснасці. Тым не менш, яго ўплыў не можа абмяжоўвацца да рэальнасці, таму што шуканне нябачных рэчаў надае сэнс нашаму жыццю, а асабліва жыццю тых, якія з’яўляюцца прадстаўнікамі народу», — сказаў Ватыканскаму Радыё арцыбіскуп Фізікелла.








All the contents on this site are copyrighted ©.