2010-09-01 14:27:16

Распачалася еўрапейская «экалагічная» пілігрымка


RealAudioMP3 1 верасня 2010 г. распачалася еўрапейская пілігрымка біскупаў і нацыянальных дэлегатаў, адказных у епіскапатах за экалагічную тэматыку. Пілігрымка арганізавана з мэтай абароны стварэння і пройдзе праз Венгрыю і Славакію. Завершыцца акцыя ў славутым санктуарыі ў аўстрыйскім горадзе Марыяцэль. Падчас пілігрымкі ўдзельнікі будуць разважаць над дэвізам, абраным папам Бэнэдыктам XVI на Сусветны дзень міру: «Калі хочаш захаваць мір, абараняй стварэнне!»

Неразумнае і неадказнае абыходжанне з прыродай нельга не звязваць з маральным крызісам, які перажывае наш кантынент. Як адзначыў ініцыятар пілігрымкі кс. Дурантэ да Куна, Папа нагадаў нам аб тым, што клопат аб экалогіі нашай планеты немагчымы без сур’ёзнага роздуму над «экалогіяй чалавека», без духоўнага навяртання і перамены стылю жыцця.

Акрамя гэтага, кс. да Куна падкрэсліў, што, клапоцячыся аб экалогіі, мы часта канцэнтруем нашу ўвагу на навуковых, палітычных і этычных аспектах праблемы. Аднак абавязкова трэба звяртаць увагу на духоўны, тэалагічны і антрапалагічны аспекты, якія складаюць фундамент сапраўднай пашаны да стварэння.

На заканчэнне «экалагічнай» пілігрымкі, у нядзелю 5 верасня, у Вене адбудзецца святая Імша, якую ўзначаліць арцыбіскуп Венскі кардынал Крыстаф Шонбарн. Ва ўрачыстасці таксама прымуць удзел прадстаўнікі хрысціянскіх Цэркваў, мясцовых і міжнародных экуменічных арганізацый.







All the contents on this site are copyrighted ©.