2010-08-26 16:28:58

Раніцай у гэтую нядзелю пасля святой Імшы вучні Бенедыкта 16 ўручаць Папу кнігу, якая стала плёнам сустрэчы 2008 года: «Размова аб Езусе. Папа Бэнэдыкт XVI у дыялогу з Марцінам Гендэлем, Петэрам Стухльмахерам і сваімі вучнямі ў Кастэль Гандольфа 2008».


Падчас сёлетняй сустрэчы «Кола вучняў Ратцынгера», якая распачалася 27 жніўня у Кастэль Гандольфа, новы кіраўнік Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству арцыбіскуп Курт Кох ёсць адным з галоўных рэферэнтаў. На гэты раз былыя дактаранты Папы абмяркоўваюць тэму «Герменеўтыка Другога Ватыканскага Сабору». У летнюю рэзідэнцыю Бэнэдыкта XVI прыбудзе таксама арцыбіскуп Венскі кардынал Крыстаф Шонбарн і яшчэ некалькі дзесяткаў вучняў. Падчас сустрэчы 29 жніўня арцыбіскуп Кох будзе разважаць аб Другім Ватыканскім Саборы «паміж традыцыяй і інавацыяй» і аб сабаровай Канстытуцыі аб Літургіі і яе рэформе.
«Кола вучняў прафесара Ратцынгера» існуе ад 1971 г. Як узгадвае ў інтэрв'ю кардынал Шонбарн, згуртаванне паўстала таму, што прафесар ксёндз Ёзаф Ратцынгер, сённяшні Папа, меў шматлікіх дактарантаў, аднак не меў магчымасці індывідуальна апекавацца кожным з іх. Таму ўсе яны сустракаліся штомесяц у другую суботу ў духоўнай семінарыі ў Рацісбоне. Пасля супольнай літургіі дактаранты прадстаўлялі свае апошнія адкрыцці, якія потым разам абмяркоўваліся. “Нават і сёння некаторыя вучні прафесара Ратцынгера здзіўляюцца, як адкрыта і з якой інтэлектуальнай свабодай абмяркоўвалі найбольш вострыя праблемы тэалогіі”, — адзначае арцыбіскуп Венскі. З 2005 г., калі кардынал Ратцынгер быў абраны Папам, супольнасць, якая налічвае каля 40 чалавек, збіраецца ў Кастэль Гандольфа. У 2009 г. «Кола вучняў Ратцынгера» пашырылася маладымі тэолагамі, якія паходзяць галоўным чынам з нямецкамоўных краін, але таксама з Мексікі, Іспаніі, Італіі і ЗША. Галоўным крытэрам прыняцця ў «Новае кола вучняў» з’яўляецца праца ў галіне тэалогіі Ёзафа Ратцынгера і веданне нямецкай мовы. У мінулым годзе ў Кастэль Гандольфа абмяркоўвалася тэма «Місіянерства сярод народаў: яго апраўданне і форма ў сённяшні час». У 2008 г. «Кола вучняў» паклікала да жыцця Фонд імя Ёзафа Ратцынгера. Яго кіраўніком з’яўляецца кардынал Шонбарн, на чале Рады фонду стаіць былы рэктар духоўнай семінарыі ў Бамбергу кс. Міхель Хофман. Мэта фонду — распаўсюджванне тэалогіі «ў духу вучэння прафесара Ратцынгера» і духоўнасці Папы. Catholic.by








All the contents on this site are copyrighted ©.