2010-08-19 12:34:27

Пра ўрачыстастае святкаванне 100-годдзя святыні ў Задарожжы распавёў журналістам ксёндз Віктар Місевіч


15 жніўня 2010 г. у парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ласкавай у Задарожжы (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат) адбылося вялікае свята - адзначалі 100-годдзе храма.
Касцёл у Задарожжы быў пабудаваны яшчэ ў 1601 г. па загаду караля Рэчы Паспалітай Сігізмунда-Аўгуста ў якасці падзякі Богу за перамогу ў бітве. Стары касцёл, на жаль, згарэў у пажары 1902 г. Намаганнямі ахвярадаўцаў і вернікаў парафіі, а таксама пробашча кс. Антонія Валентыновіча ў 1910 г. паўстала новая святыня, якая радуе вока людзей і ў нашыя дні. Немалаважным фактам з гісторыі задароскай парафіі з’яўляецца і тое, што менавіта тут быў ахрышчаны прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі Вацлаў Ластоўскі. На свята ў Задарожжа з’ехалася мноства людзей. І гэта лёгка патлумачыць. Тут напрацягу 50 год на жніве Пана працаваў нястомны пастыр кс. Люцыян Паўлік МІС. У савецкія атэістычныя часы ён ахрысціў і павянчаў у гэтым касцёле шмат людзей. Таму многія беларусы, нягледзячы на месца свайго пражывання, адчуваюць моцную сувязь з Задарожжам.На самым пачатку святкавання ў касцёле адбылася камп’ютaрная прэзентацыя пра гісторыю і жыццё задароскай парафіі. Святую Імшу ўзначаліў пастыр дыяцэзіі біскуп Уладзіслаў Блін. Ён падзякаваў Богу за магчымасць маліцца на юбілейнай літургіі і распавёў пра свае задароскія карані. Слова Божае прамовіў кс. Вячаслаў Пялінак МІС. Святар распавёў кароткую гісторыю касцёла ў Задарожжы і засяродзіўся на адданай працы шматгадовага пробашча кс. Люцыяна Паўліка МІС. Падчас св. Імшы адбыліся дыяканскія пасвячэнні. З рук біскупа Уладзіслава Бліна першую ступень сакрамэнту святарства атрымаў кл. Генадзь Ляўкоў. Пасля св. Імшы перад касцёлам урачыста была асвячана фігура Маці Божай. На ўрачыстасці падчас літургіі і пасля яе (на вуліцы) спявалі музычныя калектывы з Браслава, Друі, Гродна і Глыбокага.
Свята ў Задарожжы было добра падрыхтаванае. Жадаючыя маглі набыць прадметы рэлігійнага культу. Была магчымасць і падсілкавацца. Падрыхтоўкa лягла на плечы цяперашняга пробашча ў Задарожжы кс. Эдварда Нарадоўскага і парафіянаў. Вялікую дапамогу аказалі мясцовыя ўлады і дзяржаўныя арганізацыі.Як адзначыў у гаміліі кс. Вячаслаў Пялінак МІС, «не мы з’яўляемся аўтарамі гэтага свята». «Аўтары — гэта тыя, хто будаваў святыню, хто ў ёй пакутаваў і хто яе ратаваў ад бальшавікоў. Мы толькі нашчадкі, з вуснаў якіх сёння можа гучаць толькі шчыры „Дзякуй!“ Богу і продкам за прыгажосць Задарожскай святыні», — адзначыў святар.
Catholic.by







All the contents on this site are copyrighted ©.