2010-08-18 11:22:31

У гэтую сераду, па традыцыі, Папа і ў час свайго адпачынку прыняў у летнім апостальскім палацы вернікаў на агульнай аўдыенцыі.


Сабралася іх сёння пад лоджыяй, каб паслухаць навучанне і спалучыцца разам з Папаю Рымскім ў малітве, як заўсёды, вельмі многа. Людзі прыбылі на ўзгорак Кастэльгандольфа да наступніка Пятра з розных кантынентаў, групамі і сем'ямі, у складзе сваіх каталіцкіх супольнасцей і па сардэчным выбары, з сямейнікамі ці нават асобна.
RealAudioMP3 У сваім звароце да вернікаў і ўсіх людзей добрае волі Папа прыгарнуў увагу чалавецтва да стыхійных бедстваў, якія церпіць народ Пакістану. (Пакуль гуманітарная дапамога здольная забяспецыць зусім нязначную частку патрэб) Бенедыкт 16 запэўніў аб сваёй малітве за душы загінуўшых ад навадненняў, за іхнія сем'і, за тое, каб тыя, што згубілі свае дамы, знайшлі годны прытулак.
У сваіх зваротах на розных мовах Святы Айцец прыпомніў постаць Папы Пія 10, падкрэсліўшы, што ягоныя намаганні навучыць ўсё аднаўляць ў Хрысце і праз Хрыста не губляюць сваёй актуальнасці і сёння. Такое аднаўленне, - навучаў Папа,- адбываецца ў сэрцы кожнага чалавека, дзякуючы ўз'яднанню з Панам ў сакраманце Еўхарыстыі. "Адарацыя Свяцейшага Сакраманту ёсць невычэрпнаю крыніцай веры і любові", - прыпомніў Папа і нагадаў постаць свайго папярэдніка, успамін якога ў сусветным касцёле- 21 жніўня. Джузепе Сарто, будучы Папа Пій Х, нарадзіўся 2 чэрвеня 1835 г. на поўначы Італіі ў беднай сям’і. Ён прыняў святарскае пасвячэнне і ў 1884 г. стаў біскупам Мантуі, а праз адзінаццаць гадоў — патрыярхам Венецыі і кардыналам. 4 жніўня 1903 г. ён быў абраны Папам і з самага пачатку свайго пантыфікату праявіў сябе як душпастыр і рэфарматар: выступаў за тое, каб дзеці прымалі Першую святую Камунію у 7 год, падтрымліваў часты ўдзел у Eўхарыстыі, рэфармаваў рэлігійнае жыццё духавенства і вернікаў, рымскую курыю, паспрыяў паляпшэнню падрыхтоўкі святароў, даючы ім вартых настаўнікаў і структуры, аднавіў грыгарыянскі харал, Рымскі Імшал, Брэвіярый і каляндар. Дэвізам пантыфікату Пія Х былі словы: «Аднавіць усё ў Хрысце» (Эф 1, 10). Калі Пію Х не ўдалося прадухіліць пачатку Першай сусветнай вайны, ён гэта вельмі цяжка перажыў і звярнуўся да ўсіх католікаў свету са спецыяльным пасланнем, у якім падкрэсліваў, што Хрыстус з’яўляецца «Каралём міра». Пій Х памёр праз некалькі дзён пасля пачатку вайны, якую ён прадбачыў, і яго назвалі «першай яе ахвярай». Ён пахаваны ў базыліцы святога Пятра ў Рыме. На месцы яго пахавання адбылося шмат цудаў.
У сваім звароце да венграў на іхняе роднай мове, што ў мностве прыбылі з айцамі-вербістамі да Папы, Бенедыкт 16 прыпомніў постаць святога караля Стэфана (Іштвана), дзень якога паслязаўтра адзначыць уся Венгрыя як сваё нацыянальнае свята. "Ягоная вялікая вера і трывалая адданасць Рыму ёсць прыкладам вернасці,"-сказаў Бенедыкт 16
У завяршэнне аўдыенцыі Папа разам з вернікамі прамовіў на лацінскай мове малітву Ойча наш і ўсім удзяліў апостальскае благаслаўленне, пасвяціўшы пацеркі Ружанца. RealAudioMP3









All the contents on this site are copyrighted ©.