2010-08-16 09:14:30

Набліжаюцца ўрачыстасці ў браслаўскім санктуарыі




Сёлетнія ўрачыстасці ў санктуарыі Маці Божай Каралевы Азёраў у Браславе абяцаюць быць вельмі насычанымі. Завяршэнне святкавання 10-годдзя існавання Віцебскай дыяцэзіі, першая гадавіна каранацыі абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў, IV Міждыяцэзіяльная пілігрымка сем’яў, аднаўленне сужэнскіх абяцанняў — і гэта ўсё цудоўная магчымасць, каб супольна выказаць Богу падзяку за ласку свабоды веравызнання.
Цэнтральныя ўрачыстасці адбудуцца 21–22 жніўня 2010 пры ўдзеле спецыяльнага пасланніка Папы - кардынала Язэпа Томко. У гэтыя дні ў санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі збiраюцца не толькі душпастыры і вернікі з Беларусі, але і з-за мяжы. Прыбудуць іерархі з Украіны, Малдавіі, Расіі, Літвы, Латвіі і Польшчы.
Завяршэнне юбілейных урачыстасцяў будзе прысвечана сужэнству і сям’і. Біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін неаднойчы адзначаў, што грамадства будзе моцным, калі будзе моцнаю сям’я. Менавіта таму ў гэтыя дні ў Браславе збяруцца сем’і з розных куткоў Беларусі. Тут, перад абліччам Каралевы сем’яў, мужы і жонкі змогуць аднавіць свае сужэнскія абяцанні. Пары, пры жаданні, атрымаюць ад біскупа Уладзіслава Бліна памятку аднаўлення сужэнскіх абяцанняў.21 жніўня апоўначы біскуп Войцех Поляк з Польшчы ўзначаліць святую Імшу. Гамілію прамовіць арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі з украінскага Львова. 22 жніўня цэлебрацыю літургіі ўзначаліць арцыбіскуп Макшыцкі, а гамілію прамовіць дапаможны біскуп Адзеска-Сімферопальскай дыяцэзіі Пётр Мальчук. На заканчэнне ўрачыстасцяў вернікі з усёй дыяцэзіі, якія прайшлі адпаведную падрыхтоўку, атрымаюць сакрамэнт хрысціянскай сталасці.Запрашаем у маляўнічы Браслаў, ва ўтульны санктуарый, каб перад абразом Найсвяцейшай Маці адпачыць ад штодзённасці, аднавіць свае духоўныя сілы, праславіць Бога за Яго шчодрыя дабрадзействы і папрасіць заступніцтва Марыі на будучы год.








All the contents on this site are copyrighted ©.