2010-08-12 14:35:04

ІХ Пешая пілігрымка з Гродна ў санктуарый Езуса Журботнага ў Росі


У апошнія гады ў Рось (Гродзенская дыяцэзія, Ваўкавыскі дэканат), асабліва ў летнім часе, прыцягвае шматлікіх пілігрымаў старадаўняя фігура Езуса Журботнага. Ужо з 1618 года касцёл у Росі славіцца менавіта дзякуючы гэтай цудоўнай фігуры, і з тых часоў у свята Спаслання Духа Святога ў мясцовай парафіі адбываюцца адпустовыя ўрачыстасці.Распачаліся цуды ў касцёле ў Росі са здарэння, калі сляпая жанчына падчас раратняй святой Імшы, падумаўшы, што фігура Езуса Журботнага — гэта спаведнік, паспавядалася перад ёй і атрымала разграшэнне. На пытанне святара, які ўдзяляў святую Камунію, у каго яна была ў споведзі, жанчына адказала: «Той спаведнік, што ў бабінцы сядзіць, слухаў споведзь, і калі ўдзяліў мне разграшэнне — пачала бачыць». Тое, што здарылася, пацвердзілі ўсе людзі, якія прысутнічалі на святой Імшы, і з таго часу цуды і звязаныя з гэтым ласкі пачалі пашырацца сярод вернікаў гэтай парафіі і наваколля.Такім чынам, пілігрымаў у Рось прыцягвае фігура Езуса Журботнага, які ласкавым позіркам пазірае на кожнага, хто ў гэта месца да Яго прыходзіць.
6–9 жніўня 2010 г. адбылася ІХ Пешая пілігрымка з Гродна ў санктуарый Езуса Журботнага ў Росі. Сёлетняя пілігрымка распачалася са святой Імшы ў гродзенскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Паўднёвы).Літургію ўзначаліў кс. Ежы Марціновіч, кіраўнік пешых пілігрымаў у Рось. У гаміліі святар параўнаў усіх пілігрымаў з Абрамам са Старога Запавету, якому Бог сказаў: «Выйдзі са сваёй роднай зямлі і з дому айца твайго ў зямлю, якую табе пакажу» (пар. Быц 12, 1). Вось тады выходзіш і даведваешся, што такіх, каму Бог сказаў гэтыя словы, вельмі шмат. Сустракаешся на шляху пілігрымкі з тымі, хто на некалькі дзён пакінуў выгоды, дом, камп’ютэр, Інтэрнэт, ложак, цёплую ваду, любімыя напоі і ежу. Пакінулі таксама сваіх бацькоў, знаёмых, сяброў.Абедам у першы дзень пілігрымавання частавала парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы (дэканат Гродна–захад), а на начлег дзверы сваіх дамоў з вялікай радасцю адчынілі вернікі парафіі ў Вялікіх Эйсмантах (Бераставіцкі дэканат).
На наступны дзень з самай раніцы вандроўнікі вырушылі ў далейшы шлях. У Рэплі (Ваўкавыскі дэканат) чакаў пасілак, і ўжо вечарам падарожныя дабраліся да санктуарыя — мэты пілігрымкі, — дзе прынялі ўдзел у святой Імшы і чуванні пры Хрысце ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, канферэнцыях і працэсіі са свечкамі вакол святыні.
Заканчэннем пілігрымкі стала нядзельная ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Літургію ўпрыгожваў і дадаваў велічнасці хор «Cantate Domino» з гродзенскай парафіі Езуса Міласэрнага.На заканчэнне адбыўся цудоўны канцэрт у выкананні гурта «Maj» з квасоўскай парафіі.Узрост сёлетніх пілігрымаў быў самы розны. Перш за ўсё ў малітоўнае падарожжа накіравалася моладзь, хоць найстарэйшым пілігрымам была 75-гадовая жанчына, а самым малодшым — 5-гадовая Яна. Колькасць удзельнікаў склала звыш 270 асоб. У пілігрымцы з Гродна ў Рось прыйшлі прадстаўнікі 35 парафій Гродзенскай дыяцэзіі. Далучылася таксама некалькі пілігрымаў з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.