2010-07-22 12:41:24

Павіншуем імяненнікаў. 22 ліпеня: святой Марыі Магдалены.


Ад 4 стагоддзя евангельская Марыя Магдалена атоясамліваецца з Марыяй з Бэтаніі. Святы Марк у Евангеллі гаворыць, што Марыя паходзіла з мястэчка Магдалы, размешчанага на беразе Генісарэцкага возера. Яна была аздароўленая Езусам ад апантанасці (гл. Мк 16, 9) і стала Яму спадарожніцай. Усе чатыры евангелісты сведчаць пра тое, што яна прысутнічала пры смерці Хрыста і падчас Яго пахавання. Са словаў святога Яна Евангеліста мы ведаем, што нядзельнай раніцай яна накіравалася да магілы, якую знайшла пустою, а каля яе сустрэла ўваскрослага Збаўцу, стаўшы першаю сведкаю змёртвыхпаўстання. Хрыстус паслаў яе да апосталаў абвясціць ім гэтую радасную навіну. Пра яе далейшае жыццё захаваліся толькі легенды.Напрыклад,што яна, каб алегарычна патлумачыць рымскаму імператару Цібэрыю таямніцу смерці і Уваскрасення Хрыста, навучаная Збаўцам, узяла з сабою яйка, і на вачах усяго імператарскага акалення шкарлупа пачырванела. Таму на Пасху ад тае пары фарбуем яйкі ў цёплыя колеры крыві – жыцця. Паводле некаторых паданняў, Марыя Магдалена разам са сваёй сястрою Мартай і першаком уваскрасення братам Лазарам прыплыла на караблі на Поўдзень Францыі, дзе абвяшчала Евангелле і жыла ў пакаянні. Святая лічыцца апякункай жанчын і цырульнікаў. Яе заступніцтва просяць пры хваробах вачэй.















All the contents on this site are copyrighted ©.