2010-07-17 08:23:42

З 1 ліпеня па 1 верасня ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі праходзіць выстава беларускіх народных абразоў


Як паведамляе сайт Віцебскага абласнога краязнаўчага музею, святыя карціны ўзятыя з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту (што ў Строчыцах).Прадстаўлена звыш 30 унікальных народных абразоў Заходняга і Усходняга Палесся, Падняпроўя XIX – пачатку XX стагоддзяў. Па словах даследчыіцы беларускага іканапісу спадарыні Кірыльчук, народныя ці, як іх яшчэ называюць, "прымітыўныя" іконы сталі з'яўляцца на нашых землях пачынаючы з XVII ст. у выніку дэмакратызацыі культавага мастацтва. Народная творчасць у іканапісе праяўлялася ў стварэнне надзвычай немудрагелістых абразоў, у якіх выяўленчыя сродкі часам зведзеныя да знаку-сімвалу, каляровай плямы, безумоўна зразумелых селяніну, асноўнаму ўладальніку такіх іконаў. Для "прымітыўных" абразоў характэрныя яркія каляровыя сугуччы, парушэнне рэальных прапорцыяў, акцэнт на нейкай адной фігуры, дэталі. Простасць выканання такіх іконаў адпавядала ўяўленням простага чалавека пра вышэйшыя сілы. Адцягнутыя вобразы Багародзіцы, Ісуса Хрыста, святых атрымлівалі падабенства з канкрэтнымі асобамі, ужываючы мову чалавечых пачуццяў і эмоцыяў, што вызначыла запатрабаванасць і папулярнасць народнай іконы.
На выставе будуць прадстаўленыя такія вядомыя абразы, як "Нараджэнне Хрыста", "Каранаванне Дзевы Марыі", "Маці Божая з Ісусам Хрыстом і Янам Хрысціцелем", а таксама шэраг іканаграфічных выяваў святых і Божай Маці. Народныя іконы, магчыма, далёкія ад акадэмічнага мастацтва, з'яўляюцца. аднак, аўтэнтычным скарбам духоўнасці беларусаў. Выстава працягнецца да 1 верасня.







All the contents on this site are copyrighted ©.