2010-07-15 14:04:17

Гомель: у лістападзе завершыцца будаўніцтва дзіцячай вёскі


У лістападзе 2010 г. плануецца здаць у эксплуатацыю дзіцячы хоспіс для сірот-інвалідаў, будаўніцтвам якога займаецца Рэлігійная місія «Дабрачыннае Каталіцкае Таварыства Карытас» Пінскай дыяцэзіі. Мяркуецца, што ў новыя камфартабельныя дамы дзеці з Журавіцкага інтэрната будуць заселены ў пачатку наступнага года.
Вёска будуецца на працягу амаль шасці год у Навабеліцкім раёне Гомеля на ахвяраванні прыватных асоб з краін Заходняй Еўропы.
Каб паглядзець, як ідзе ўзвядзенне хоспіса і вызначыць далейшыя крокі, 4 ліпеня 2010 г. будаўнічую пляцоўку ў Гомелі наведалі галоўныя спонсары праекта Пітэр Вурм і Зігрыд Шпіндлбек-Лугер з аўстрыйскай арганізацыі «Карытас — Лінц», Марцін Лорэнц з дабрачыннай арганізацыі салідарнасці нямецкіх каталікоў з жыхарамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы «Renovabis» і Дорыс Альгоер з г. Харт у Аўстрыі. Таксама ў Гомель прыехала с. Марыя, якая ўзначальвае Ордэн бэнэдыктынак-самарыцянак у польскім мястэчку Негув, і некалькі сясцёр.
Дом міласэрнасці разлічаны на пражыванне ў ім 60 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўмовах, максімальна набліжаных да сямейных і спрыяльных для ўсебаковага развіцця асобы. Праект прадугледжвае стварэнне пяці асобных груп-сем’яў, кожная з якіх будзе ўключаць максімум 12 чалавек. Звяном, якое будзе злучаць такую групу-сям’ю, стане законная сястра. Разам з дапаможным персаналам яна будзе клапаціцца аб належным клімаце выхавання і атуляць дзяцей апекай.
Даглядаць дзяцей будуць сёстры Ордэна Бенедыктынак-Самарыцянак Крыжа Хрыстовага. Дзейнасць хоспіса будзе арганізавана пры непасрэдным удзеле і падтрымцы абласнога камітэта па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва.








All the contents on this site are copyrighted ©.