2010-07-13 14:21:12

“...ісці за Хрыстом – пад покрывам Багародзіцы”
Завяршэнне XVI грэка-каталіцкай пілігрымкі


У нядзелю, 11 ліпеня, у Полацку ўрачыстай Боскай Літургіяй, якую ля грэка-каталіцкага храму св. Параскевы Полацкай узначаліў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей, завяршылася XVI штогадовая грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск – Полацк.
Яна праходзіла пад дэвізам: “...ісці за Хрыстом – пад покрывам Багародзіцы”, а яе кіраўніком быў а. протапрэзьбітар Зміцер Грышан з Віцебска..
У апошні дзень пілігрымкі, у суботу, пілігрымы прайшлі шлях ад Гаранаў праз Струнне – былой рэзідэнцыі ўніяцкіх мітрапалітаў, дзе маліліся ля крыжа за спачылых святароў і ярархаў Уніяцкай Царквы, да сабору святой Сафіі і пасля – да храму св. Параскевы Полацкай.
У Струнні да пілігрымаў далучылася група вернікаў з Полацкай рыма-каталіцкай парафіі разам з Сёстрамі Эўхарысткамі. Памінальнае слова ля крыжа ў Струнні прамовіў а. Протарэзьбітар Яўген Усошын з Мінска.
У Полацку сардэчна сустракалі пілігрымаў душпастыр Полацкай грэка-каталіцкай парафіі а. Аляксандр Шаўцоў разам з парафіянамі. Тыя ж гасцінныя парафіяне падрыхтавалі ў нядзелю святочную трапезу (Агапу) для ўсіх удзельнікаў урачыстасці.
У суботу ўвечары святочную Вячэрню ў гонар святых пакутнікаў Барыса і Глеба служыў ераманах Пахом (Кавалёў), а Ютрань у нядзелю раніцай а. Кірыл. Прыхожа ды духоўна спявалі семінарысты БГКЦ.

На Боскай Літургіі ў нядзелю, на якой спяваў хор полацкай парафіі, маліліся святары і вернікі з розных гарадоў Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. Сярод вернікаў былі і рыма-католікі, і праваслаўныя.
У сваім казанні Архімандрыт Сяргей, звяртаючы позірк на Багародзіцу як на дасканалы прыклад вернасці Хрысту, нагадаў пра значную падзею ў жыцці нашай Царквы: сёлета адзначаюцца 280-я ўгодкі каранацыі Жыровіцкай Іконы Багародзіцы, і запрасіў вернікаў да актыўнага ўдзелу ў будучых святкаваннях.


Малітва за Святога Айца Бенядыкта XVI

11 ліпеня 2010 г., у рамках Боскай Літургіяй, якую на завяршэнне XVI грэка-каталіцкай пілігрымкі ўзначаліў у Полацку Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей, удзельнікі ўрачыстасці маліліся ў асаблівы спосаб за Святога Айца Папу Бенядыкта XVI.
У лацінскім абрадзе 11 ліпеня адзначалася памяць святога Бенядыкта, нябеснага Апякуна Папы.
У Боскай Літургіі прагучалі просьбы, каб Госпад даў Першапастыру Каталіцкай Царквы Яго Святасці Бенядыкту “блаславенне ды поспех у кожнай добрай справе”.
Святары ды вернікі маліліся таксама за Прадстаўніка Святога Айца ў Беларусі – Апостальскага Нунцыя Высокадастойнага Архібіскупа Марціна Відавіча.








All the contents on this site are copyrighted ©.