2010-07-13 14:22:38

Беларусь і Мальтыйскі Ордэн выпусцілі агульную паштовую марку тыражом у 40 тысяч экзэмпляраў.


Гашэнне першай паштовай маркі, прысвечанай паштоваму пагадненню Беларусі і Суверэннага Мальтыйскага Ваеннага Ордэна, адбылося ў штаб-кватэры Беларускага таварыства сяброўства і культурных сувязяў з замежнымі краінамі. Як адзначыў першы ў гісторыі суверэннай Беларусі святар і іерарх, які стаў Манахам Капеланам Мальтыйскага Ордэна, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, "хоць Мальтыйскі Ордэн і не мае сваёй тэрыторыі, але гэта суб'ект міжнароднага права і асобная дзяржава. Вельмі важна, што паміж нашымі краінамі развіваюцца таварыскія адносіны. Мы ведаем дабрачынныя акцыі мальтыйскіх арганізацый, якія прыязджаюць у Беларусь з гуманітарнай дапамогай. І той факт, што ад сённяшняга дня ў нас ёсць свая паштовая марка, сведчыць пра тое, што нашы адносіны развіваюцца. Патэнцыял Мальтыйскага Ордэна ў Беларусі яшчэ далёка не выкарыстаны. І я мяркую, што сённяшняя падзея — гэта новы крок да выкарыстання гэтых новых магчымасцяў".
— ... гэты дзень увойдзе ў гісторыю нашага супрацоўніцтва, — адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Суверэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна ў Рэспубліцы Беларусь Пауль Фрыдрых фон Фурхер. — Практыка паказала, што ўсе заключаныя паміж намі дамовы заўсёды выконваюцца. Надалей плануем пашырыць наша супрацоўніцтва ў гэтай галіне — выпуск чарговай маркі, другой па ліку, адбудзецца ў Рыме ў найбліжэйшыя два гады, куды будуць запрошаныя прадстаўнікі "Белпошты" і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі. Mастацкім афармленнем маркі займалася Яўгенія Бядонік.
— Над макетам маркі працавалі разам дызайнеры дзвюх паштовых адміністрацый, — расказала намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі Ніна Гаўрылава. — Рэалізацыя гэтага праекта — яркае пацверджанне нашага супрацоўніцтва. Спадзяёмся, што сумесны выпуск паштовай маркі паслужыць далейшаму развіццю двухбаковых адносінаў, а таксама стане ўпрыгожваннем калекцый філатэлістаў шэрагу краін.
Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Суверэнным Ваенным Мальтыйскім Ордэнам былі ўсталяваны ў 1996 годзе. Дамова аб абмене паштовымі адпраўленнямі паміж ведамствамі была падпісана ў Рыме ў красавіку 2009 года.
Абвестку зрабіў Ілля Лапато.







All the contents on this site are copyrighted ©.