2010-07-10 10:15:17

Мінск. да канца ліпеня ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны працуе выстава "Памятаю. Катынь 1940»


Экспазіцыя арганізавана Нацыянальным цэнтрам культуры (Варшава) і Польскім інстытутам у Мінску сумесна з музеем. Прадстаўлены копіі пісьмовых і выяўленчых дакументаў пра катынскае злачынства — арганізаваную савецкімі ўладамі тайную ліквідацыю каля 22 тыс. польскіх грамадзян, якія былі ўзяты ў палон або арыштаваны пасля захопу Чырвонай Арміяй тэрыторыі Польшчы ў 1939 годзе.Трагедыю Катыні нельга не адчуць і нельга не зразумець, лічыць міністр культуры Беларусі Павел Латушка. Паводле яго слоў,
эмацыйныя ўражанні ад прэм’еры фільма Анджэя Вайды «Катынь» былі настолькі моцнымі, што давялося прагуляцца на свежым паветры. «Я ніколі не быў у Катыні, але зразумеў гэты боль», — сказаў беларускі міністр. У адпаведнасці з сакрэтным рашэннем палітбюро ЦК ВКП(б) ад 5 сакавіка 1940 года выстраламі ў патыліцу былі забіты прыкладна 15 тыс. палонных у спецлагерах НКУС у Казельску каля Катыні пад Смаленскам, Асташкаве недалёка ад Калініна і Старабельску пад Харкавам. З месцаў пахавання астатніх 7 тыс. чалавек, якія загінулі ў турмах заходніх рэгіёнаў БССР і УССР, вядомыя толькі два — Курапаты пад Мінскам і Быкоўня пад Кіевам. Як зазначыў дырэктар Польскага інстытута Пётр Казакевіч, адкрыццё выставы планавалася раней, але было перанесена з'за катастрофы самалёта прэзідэнта Леха Качыньскага пад Смаленскам, якая забрала жыцці амаль 100 чалавек. Дэлегацыя накіроўвалася ў Катынь для ўвекавечання памяці ахвяраў сталінізму. Паводле слоў Казакевіча, Катынь для палякаў — сімвал злачыннай палітыкі савецкага рэжыму супраць абаронцаў Польшчы ад нацысцкіх агрэсараў, сімвал страты лепшых сыноў польскага народа: афіцэраў арміі і паліцыі, чыноўнікаў, а таксама мабілізаваных у армію ўрачоў, юрыстаў, інжынераў і настаўнікаў. Нягледзячы на тое што на працягу амаль паўстагоддзя слова «Катынь» было забаронена і выкраслена з усіх падручнікаў гісторыі, яно стала сімвалам памяці палякаў пра герояў 1940 года, сказаў дырэктар Польскага інстытута.Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Вітольд Юраш мяркуе, што Катынь сімвалізуе паважлівыя адносіны да гісторыі, без поўнага і праўдзівага ведання якой немагчыма ісці наперад. Паводле яго слоў, трагедыя Катыні не павінна азмрочваць польска-беларускія адносіны. «Мы глядзім на Беларусь як на суседа і сябра», — сказаў ён.
ngo.by







All the contents on this site are copyrighted ©.