2010-07-07 14:59:18

Вандалы пашкодзілі помнік Яну Паўлу ІІ ў Віцебску


Невядомыя выламалі кій і пашкодзілі руку скульптурнай выявы былога Папы Рымскага, усталяванай на падворку касьцёла Езуса Міласэрнага. Паводле мясцовых парафіянаў, скульптура пацярпела ад вандалаў ужо ў другі раз. Першы такі выпадак здарыўся неўзабаве пасьля адкрыцьця помніка ў верасьні 2008 году, прымеркаванага да 30х угодкаў абраньня Яна Паўла II на Апостальскі пасад у Рыме.
Вікарый парафіі ксёндз Раман распавёў, што ў міліцыю пададзена заява, каб знайшлі злачынцаў. Сьвятар перакананы, што вандалы папсавалі помнік наўмысна, тым больш што такое здарылася ўжо не ўпершыню. Ксёндз Раман кажа, што мінулым разам таксама зьвярталіся па дапамогу да міліцыянтаў, аднак дагэтуль ніхто зь міліцыі не паведаміў, ці завяршылася сьледзтва і ці знайшлі вінаватых.
Скульптуру Яна Паўла ІІ падараваў касьцёлу адзін з парафіянаў. Ён жа ўклаў сродкі ў яе рамонт пасьля першага нападу вандалаў. Гэтым разам, паводле ксяндза Рамана, пашкоджаньні скульптуры больш істотныя.








All the contents on this site are copyrighted ©.