2010-07-02 16:08:32

Штогод 2 ліпеня адзначаецца ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай, aпякункі Беларусі , Нябеснай апякункі Мінска-Магілёўскай арцыдыяцэзіі. У гэты дзень у 10.30 адбылася галоўная святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.




Сёлетнія ўрачыстасці пад дэвізам «Марыя — выбраная дачка Айца Нябеснага» распачалі ў Будславе духоўную падрыхтоўку да 400-годдзя прабывання абраза ў будслаўскай святыні. Наступныя два гады пройдуць пад дэвізамі «Марыя — святыня Духа Святога» і «Марыя — Маці Збаўцы».
Цэнтр святкавання – невялікая вёска на поўначы Мінскай вобласці, назва якой — Будслаў — вядомая сёння па ўсёй Беларусі і нават далёка за яе межамі. Там, сярод лясоў і балотаў, знаходзіцца нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Велічны будслаўскі касцёл, адна з самых прыгожых і вялікіх святыняў на нашай зямлі, быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі і з’яўляецца малою базылікай. Кожны год у Будслаў ідуць і едуць тысячы пілігрымаў, каб ушанаваць Найсвяцейшую Панну Марыю, папрасіць праз Яе заступніцтва асаблівых ласкаў Божых і прыняць удзел ва ўрачыстым будслаўскім фэсце, які стаeцца сапраўдным святам веры адроджанага беларускага Касцёла — старажытнага і адначасова маладога.
Жывы паток у святыні не спыняецца і не слабне ні на хвіліну, але з-за вялікай колькасці вернікаў гэтыя некалькі метраў часам займаюць больш за гадзіну. Але гэты час становіцца часам асабліва глыбокай і шчырай малітвы, калі кожны, адчуваючы побач з сабою столькі братоў і сясцёр, разумее, што ўсе мы — дзеці аднаго Нябеснага Айца і маем у небе адну найлепшую Матулю, якая любіць усіх аднолькава. Менавіта ў гэтыя хвіліны з глыбіні сэрцаў узносяцца да Найсвяцейшай Маці самыя запаветныя просьбы, з надзеяй, што праз Яе магутнае заступніцтва яны будуць выслуханыя Найвышэйшым. Пра тое, што гэта — не пустая вера і не марныя надзеі, сведчаць шматлікія цуды, якія на працягу стагоддзяў адбываліся і працягваюць адбывацца ў нашыя дні каля цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай.
У першы дзень свята амаль кожную гадзіну тут распачынаецца чарговая святая Імша, каб тыя, хто толькі прыйшоў у Будслаў, маглі падзякаваць Пану за магчымасць маліцца ў гэтым святым месцы і прыняць Езуса Хрыста ў Эўхарыстыі. Тут жа можна паяднацца з Богам і Касцёлам у сакрамэнце пакаяння: у святыні і нават проста пад адкрытым небам з паслугаю святой споведзі чакаюць дзесяткі святароў. Нават калі да канфесіяналаў стаяць чэргі, кожнаму верніку будзе прысвечана столькі часу, колькі неабходна для яго духоўнае карысці.
Пасля паўнoчы каля святыні, дзе ўзвышаецца прыгожа аздоблены алтар, грандыёзнаю працэсіяй распачынаецца ўрачыстая святая Імша. Шматтысячная грамада вернікаў з запаленымі свечкамі ў руках як вогненная стужка ўецца вакол парка перад святыняю. Гэтае велічнае і незабыўнае шэсце — своеасаблівая кульмінацыя пілігрымак і ўсёй урачыстасці.
Чуванне і малітвы працягваюцца аж да пачатку галоўнай святой Імшы ўрачыстасці, якую звычайна канцэлебруюць біскупы і некалькі дзесяткаў святароў з усёй Беларусі і з-за мяжы. Гэтаю Імшою і ўрачыстай працэсіяй завяршаецца цудоўны фэст, каб праз год ізноў вярнуцца ў Будслаў пад поўныя радасці спевы пілігрымаў.
Больш падрабязна пра гісторыю будслаўскай святыні і цудоўнага абраза Найсвяцейшай Панны Марыі можна даведацца на сайце нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе
 







All the contents on this site are copyrighted ©.