2010-06-25 14:00:42

Варшава: польска-рускія перамовы



У сталіцы Польшчы 24-га чэрвеня адбылася сустрэча прадстаўнікоў Канферэнцыі Каталіцкага Эпіскапату Польшчы і Рускай Праваслаўнай Царквы. Тэмай перамоваў было пытанне аб руска-польскім прымірэнні
Як паведаміў мітрапаліт Іларыён, кіраўнік аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, абодва бакі пазнаёміліся з праектам сумеснага дакуманту аб прымірэнні паміж двума народамі. Праваслаўны ерарх прызнаў, аднак, што бакі разышліся ў ацэнцы гістарычных падзей.
“Мы не павінны абмяркоўваць пытанні чыста палітычныя. Наша задача паглядзець на гісторыю, паказаць памылкі, якія нас падзяляюць, заклікаць да ўзаемнага прабачэння і прымірэння, каб гэтыя памылкі больш не паўтарыліся”,- сказаў мітрапаліт Іларыён.
Арцыбіскуп Мушынскі, які прадстаўляў польскі Епіскапат, сцвердзіў, што, хаця прапанаваныя дакуманты адрозніваюцца ў дэталях, аднак маюць агульную мэту: ствараць ў рэлігійным памеры, адзінства Хрыстовае Царквы. “Гэтая свядомасць агульных задач, якую даў нам Хрыстус, стварыла вельмі трывалы і стабільны падмурак, які дазваляе нам ўзгодніваць падрабязна весткі з нашай агульнай гісторыі. Там, дзе яны былі немагчымыя да ўзгаднення, таму што нашы гісторыі развіваліся, галоўным чынам, самастойна, справы мы пакінулі адкрытымі, але намагаемся стаць у поўнай праўдзе перад Богам”.
Было вырашана, што абедзьве Цэрквы надалей будуць працягваць працы над праектам супольнага дакуманту. Як ужо адзначалася, гэта можа працягвацца нават да году часу. Такім чынам, не вызначана тэрміну наступнага пасяджэння прадстаўнікоў Маскоўскага Патрыярхату і Канферэнцыі Эпіскапату Польшчы. Не выключана, аднак, што падпісанне сумеснага дакуманту можа адбыцца з удзелам Патрыярха Маскоўскага і Усяе Русі Кірыла.








All the contents on this site are copyrighted ©.