10-ты сацыяльны Тыдзень кубінскага Касцёла адкрыўся дакладам арцыбіскупа Даменіка
Мамберці, Сакратара Апостальскай Сталіцы па справах стасункаў з іншымі дзяржавамі.
16 чэрвеня на Кубе распачаўся гэты грамадска-хрысціянскі Тыдзень, зарганізаваны
каталіцкай Царквой. Тэмай асаблівых разважанняў будзе энцыкліка Папы Бэнэдыкта XVI
«Caritas in veritate (Любоў у праўдзе)». Дыскусіі і круглыя сталы разглядаюць шматлікія
грамадскія пытанні, неадкладныя і важныя для сучаснай Кубы. Між іншым, будзе ісці
гаворка аб сацыяльнай ролі кубінскага Касцёла на востраве, выклікі грамадскіх камунікацый
і сродкі, даступныя ў гэтай сферы для царкоўных супольнасцяў, адносіны паміж эканомікай,
этыкай і грамадствам. Важным момантам Х-га сацыяльнага Тыдня будзе дыскусія на
тэму прымірэння паміж усімі кубінцамі ды пабудовы гасціннай і адкрытай для ўсіх
краіны.