2010-06-16 14:59:08

Папа Бэнэдыкт 16 заклікаў католікаў да ўдзелу ў нядзельнай Святой Імшы


Святы Айцец прамаўляў, у аўторак 15-га чэрвеня ў рымскай базыліцы Святога Яна на Латэране, на адкрыцці штогадовага кангрэса рымскае дыяцэзыі. Ён праходзіць пад дэвізам: “Вочы ім адкрыліся і яны пазналі Яго ды прарочылі. Нядзельная Эўхарыстыя і сведчанне любові”
У сваёй прамове Бэнэдыкт 16 падкрэсліў, што Эўхарыстыя з”яўляецца “асноўным момантам сустрэчы чалавека з Богам”. “Гэта вельмі важна для нас, хрысціян, каб сустракацца ў нядзелю з Уваскрослым”,- адзначыў Папа.
Ён заклікаў святароў сваёй дыяцэзыі, каб надавалі асаблівую ўвагу звышпрыроднаму аспекту Эўхарыстыі. Без гэтага “апостальскае заангажаванне ператвараецца ў безплодную актыўнасць”, таму, што “Эўхарыстыя ёсць Касцёлам”.
Вітаючы Папу ягоны вікарый для рымскае дыяцэзыі, кардынал Агостіно Валліні выказаў занепакоенасць тым, што “многія з ахрышчаных не ўдзельнічаюць ў Святой Імшы”. Ён сказаў, што чалавек турбуецца ладам свайго жыцця, ў якім “няма Хрыста і для якога натхненнем не з”яўляюцца хрысціянскія вартасці”.
Гаворачы аб сітуацыі Вечнага Гораду Бэнэдыкт 16 сказаў, што “патрабуе ён больш выразнага і светлага сведчання любові”, таму што “пастаянным выклікам для нас ёсць патрэбы і беднасць многіх мужчын і жанчын. У часе эканамічна-сацыяльнага крызісу, які мы цяпер перажываем, мы павінны быць салідарныя з тымі, хто жыве ў галечы”,- сказаў Святы Айцец і дадаў, што такім чынам Касцёл дапаможа “жыхарам Рыма адкрыцца, каб выявіць тое, што яны браты і дзеці аднаго Айца”.








All the contents on this site are copyrighted ©.