2010-06-15 13:35:19

Беларускія студэнты плануюць стварыць незалежны прафсаюз


Ініцыятыва стварыць незалежны студэнцкі прафсаюз прагучала на канфэрэнцыі па правах чалавека ў Менску 13 чэрвеня, перадае агенцтва БелаПАН. Арганізатарамі канфэрэнцыі былі актывісты моладзевай прафсаюзнай групы „Студэнцкая рада”, якая існуе з 2008 году.
Удзельнікі сустрэчы казалі аб неабходнасьці кансалідацыі дзеля таго, каб адстойваць свае правы. „Мы выступаем за стварэньне незалежнага студэнцкага прафсаюзу. Большасьць студэнтаў нічога ня ведае пра свае правы, і ў многіх канфліктных сытуацыях яны ня ведаюць, што трэба рабіць”, - сказала адна з арганізатарак канфэрэнцыі Аляксандра Дзікан.
У якасьці прыклада была прыведзена сыстэма абавязковага разьмеркаваньня выпускнікоў ВНУ. Паводле ўдзельнікаў сустрэчы, разьмеркаваньне не павінна быць завочным і вырашацца толькі на ўзроўні кіраўніцтва ВНУ. Студэнты павінны мець права ўдзельнічаць у вырашэньні пытаньня, якое тычыцца іх непасрэднай будучыні.








All the contents on this site are copyrighted ©.