2010-06-10 13:40:41

Ватыкан: кардынал Бэртонэ да ўдзельнікаў сустрэчы, якая канчала Год Святарства


У сераду 9-га чэрвеня ў зале імя Папы Паўла 6-га адбылася сустрэча, на завяршэнне Года Святарства. Выступіў кардынал Тарчызіё Бэртонэ, які ў сваім слове адзначыў, што святары “ёсць браты паміж братамі, ў якіх вернікі бачаць аблічча Хрыста”. “Браты кожнага чалавека, мужчыны і жанчыны, якіх маюць любіць і якім маюць служыць з поўнаю адданасцю, не шукаючы ўласнага інтарэсу. Так мае сэнс актуальнасць і прыгажосць цэлібату”,- сказаў найбліжэйшы супрацоўнік Папы Бэнэдыкта 16.
Спасылаючыся на скандал сэксуальнага злоўжывання ў дачыненні да непаўналетніх з боку некаторых святароў, Дзяржсакратар Ватыкану выказаў перакананне, што “з гэтага болю нараджаецца провіднае самаўсведамленне таго, што неабходна адраджэнне і духоўнае аднаўленне святарства, смелае наверненне ды прымірэнне так, каб можна знайсці новыя шляхі перадавання моладзі прыгажосці і багацця прыязні з Езусам Хрыстом у адзінстве Ягонага Касцёла”.
Сустрэча закончылася Вячэрняю, якую адслужыў кардынал Кляўдыё Хуммэс, Прэфэкт Каннгрэгацыі да спраў духавенства, які ў сваім казанні гаварыў аб “новай Пяцідзесятніцы ( Саслання Святога Духа), на якую запрашаюцца ў першую чаргу святары”. “Святарства,- звярнуўся кардынал да прысутных ксяндзоў,- якім вы былі абдораны сакрамантам, зрабіла вас падобнымі да Хрыста, галавы і пастыра Божага народу. З усімі іншымі членамі Цела, будзьце вучнямі Езуса. Гэта мае асноўнае значэнне, таму, што такім чынам вы уступілі на дарогу збаўлення. Цераз святарскія свядчыны вы сталі не толькі вучнямі, але таксама кіраўнікамі і пастырамі супольнасці вучняў. Кіраўнікамі дбайнымі, што хутчэй слугамі Божага народу”,- сказаў кардынал Хуммэс.
Сустрэча ў Залі імя Папы Паўла 6-га была зарганізавана Рухам Фоколярынаў, Рухам Аднаўлення ў Духу Святым ды іншымі каталіцкімі рухамі і таварыствамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.