2010-05-31 14:10:41

VI Міжнародная медыцынская канферэнцыя “Праблемы ўрачэбнай этыкі ў сучасным свеце”


28 і 29 мая 2010 г. у рамках VI Міжнароднай медыцынскай канферэнцыі “Праблемы ўрачэбнай этыкі ў сучасным свеце” Віцебск наведалі шаноўныя госці: Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Зігмунт Зімоўскі – прэзідэнт пантыфікальнай рады па апецы працаўнікоў аховы здароўя і прафесар Грэгарыянскага універсітэта у Рыме і медыцынскага факультэта універсітэта ў Браціславе айцец Ян Дацак SJ. Яны мелі сустрэчы з віцэ-губернатарам Віцебскай вобласці спадаром Леанідам Кавалёвым, кіраўніком абласнога аддзела аховы здароўя д. м. н. прафесарам Юрыем Дзеркачам і іншымі супрацоўнікамі аблвыканкама.
У першы дзень візіту госці з Ватыкану наведалі ВДУ імя П. М. Машэрава, дзе мелі сустрэчу з прафесарамі, навукоўцамі, студэнтамі універсітэта, выступілі з лекцыямі у аўдыторыях універсітэта, наведалі універсітэцкую бібліятэку, мастацка-графічны факультэт. Гасцінна сустрэлі прадстаўнікоў Святога Пасада і ў Віцебскім клінічным абласным шпіталі. Размова ішла аб міласэрнасці і духоўнай апецы хворых, аб сэнсе святкавання Дня Хворага Чалавека 11лютага кожнага года, аб супольнай прцы святароў і медыкаў дзеля палёгкі цярпенняў хворых людзей.
Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Зігмунт Зімоўскі і прафесар айцец Ян Дацак SJ пазнаёміліся з гістарычнымі месцамі горада Віцебска, завіталі ў дом-музей і арт-цэнтр Марка Шагала, наведалі парафіі горада.
29 мая прадстаўнікі Святога Пасада ўзялі ўдзел у працы VI Міжнароднай медыцынскай канферэнцыі “Праблемы ўрачэбнай этыкі ў сучасным свеце” у Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. На канферэнцыі былі таксама прадстаўлены даклады святароў, медыкаў і навукоўцаў з Беларусі, Індыі, Польшчы, Расіі, Швейцарыі, Шры-Ланкі. На пасяджэнні таксама прысутнічалі ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Уладыслаў Блін, генеральны сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі біскуп Антоні Дзям’янка, архімандрыт Сяргей Гаек.








All the contents on this site are copyrighted ©.