2010-05-19 14:23:32

Польшча перадала Беларусі ўнікальныя допісы папскіх нунцыяў XVI-XVIII ст.



У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая перадача Амбасадай Польшчы ў Менску шматтомнага выданьня першакрыніц, якія змяшчаюць штотыднёвыя допісы папскіх нунцыяў у Ватыкан з тэрыторыі Першай Рэчы Паспалітай. Перададзеныя 26 тамоў (а ўсяго выдадзена 34). Гэта ставіць нашую біліятэку наперадзе вядучых бібліятэк тэрыторыі былога Савецкага Саюзу, бо нідзе больш гэтыя кнігі пакуль не прысутнічаюць у такой колькасьці. Цырымонію перадачы адкрываў асабіста дырэктар бібліятэкі Раман Матульскі, які сказаў: “Мы ўдзячныя ўсім, хто прысутнічае сёньня на нашай сустрэчы з нагоды перадачы Амбасадай Польшчы нашай бібліятэцы шматтомнага выданьня Нунцыяната Каталіцкай царквы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Гэтае марапрыемства мы сапраўды рыхтавалі з амбасадарам, спадаром Літвіным, даўно. Гэта прыемная навіна й прыемная акцыя для нашай бібліятэкі. На жаль, яна адбываецца ў трагічныя для Польшчы й для нашай краіны дні – дні трагедыі пад Смаленскам.
Ва ўрачыстасьці ўзяла ўдзел прафэсар Тэрэса Хынчэўска-Геннэль, сябра Польскай акадэміі навук, адная з суаўтарак выданьня. Прафэсар апавяла, што для вывучэньня гэтых першакрыніц ёй давялося вывучыць стараіталійскую мову. Яна сказала, што “Апостальская сталіца была зацікаўленая вывучэньнем гэтага краю, у які высылала сваіх нунцыяў. Хацела зразумець, на чым грунтавалася шляхецкая дэмакратыя, як гэты край функцыянаваў. Без разуменьня гэтай дзяржавы немажліва было б высылаць сваіх дыпляматаў. Таму ў інструкцыях для нунцыя бачым, што ён мусіў вельмі пільна падыходзіць да фактаў, бо тут жылі ня толькі каталікі, але й праваслаўныя, лютаране, кальвіністы… Трэба было зьвяртаць увагу, што Рэч Паспалітая карысталася ваеннай сілаю казакаў, якія былі праваслаўнымі. Цікава, што гэтае праваслаўе казакаў бачылі папскія нунцыі, але вельмі часта ня бачыла польская шляхта…”








All the contents on this site are copyrighted ©.