2010-05-05 14:51:11

У Апостальскай Сталіцы абнародаваны Annuarium Statisticum Ecclesiae за 2008 год



Каталіцкі Касцёл найбольш дынамічна развіваецца ў Афрыцы і Азіі, — вынікае з даных апублікаванага ў Ватыкане і падрыхтаванага Цэнтральным статыстычным бюро Касцёла штогадовага статыстычнага выдання Касцёла Annuarium Statisticum Ecclesiae за 2008 г.
У прадмове да публікацыі было адзначана, што павелічэнне колькасці католікаў у свеце перавысіла глабальны прырост насельніцтва. У 2008 г. у свеце было 1 мільярд 166 мільёнаў католікаў, у параўнанні з 2000 г., калі іх было 1 мільярд 45 мільёнаў_ Найбольш павялічылася колькасць вернікаў у Афрыцы і у Азіі. Паменшыўся ўдзел еўрапейцаў у глабальнай лічбе католікаў з 26,81% у 2000 г. да 24,31% у 2008 г. Рэгулярна ўзрастае колькасць вернікаў у Афрыцы, больш павольны іх прырост назіраецца ў Амерыцы і Азіі.
За 2000–2008 гг. колькасць біскупаў павялічылася з 4.541 асобы да 5.002 асобаў. У выніку колькасць святароў на аднаго біскупа ў гэтым перыядзе паменшылася з 89,2 да 81,8.
Нязначна павялічылася за гэты перыяд колькасць святароў: на 1/3 у Афрыцы і на 1/4 у Азіі. Памяншэнне колькасці святароў назіраецца ў Еўропе — на 7% і ў Амерыцы — на 4
Паменшылася колькасць законнікаў са 139.397 у 2000 г. да каля 135 тысяч у 2008 г. Павялічваецца колькасць вернікаў, якіх абслугоўвае адзін святар. У 2000 г. на аднаго святара прыпадала 2.579 католікаў, у 2008 г. — 2.849. Найбольш гэта з’ява назіраецца ў Афрыцы — 4.800 і Азіі — 4.700.
Панізілася таксама колькасць законніц з 801.185 да 739.068. Гэтая з’ява асабліва датычыць Еўропы , Акеаніі і Амерыкі У той жа час, дынамічнае развіццё жаночага законнага жыцця назіраецца ў Афрыцы і Азіі
Павялічваецца таксама колькасць кандыдатаў да святарства. У 2008 г. іх колькасць складала 117 тысяч — на 7 тысяч больш, чым у 2000 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.