Канцэрт у Ватыкане: Бэнэдыкт 16 аб выхаваўчай ролі музыкі
У чацвер 29-га красавіка ў Ватыкане адбыўся канцэрт, які зладзіў для Папы з нагоды
пятай гадавіны Пантыфікату, Прэзыдэнт Італіі Джорджо Наполітано. У чацьвер таксама
прыпадаў літургічны ўспамін Святой Кацярыны са С”ены, галоўнай нябеснай апякункі Італіі.
У праграме выступу італьянскага маладзёвага аркестра пад кіраўніцтвам маэстра Ніколы
Пашкоўскага, прагучалі тры сімфоніі: Трэцяя Джованні Баттіста Самартіні, 38-я Вольфгана
Амадэўса Моцарта ды Чацвёртая Людвіка ван Бэтховена. У сваім слове падзякі за гэты
юбілейны падарунак Святы Айцец спаслаўся на той факт, што выканаўцамі канцэрту былі
маладыя людзі. Бэнэдыкт 16 падкрэсліў ролю музыкі ў фармаванні асабовасці новага
пакалення “Знаёмства з музыкай мае вялікае значэнне ў выхаваўчым працэсе,- сказаў
Папа,- спрыяе гарманічнаму развіццю асобы і духа. Цяперашняя сітуацыя ў грамадстве
патрабуе вялікага заангажавання ў выхаванне новага пакалення. Моладзь жыве ў розных
кантэкстах, але аб”ядноўвае іх уражлівасць на вялікія ідэалы. З іх ажыцыцяўленнем
маюць аднак многа цяжкасцяў. Мы не можам ігнараваць іхнія патрэбы і чаканні, а таксама
перашкоды і пагрозы, з якімі яны сутыкаюцца. Акрамя таго,- зноў сказаў Святы Айцец,-
маладыя людзі шукаюць, часам у замешанні і разгубленасці, духоўнага жыцця і трансцэндэнцыі,
каб аднавіць раўнавагу і гармонію. Такім чынам, я хацеў бы адзначыць, што гэта менавіта
музыка можа адкрыць розумы і сэрцы на духоўны памер жыцця. Яна заахвочвае чалавека,
каб паднёс свае вочы да Гары, адкрыўся на абсалютнае Дабро і Прыгажосць, якія маюць
сваю канчатковую крыніцу ў Богу”,- сказаў Пантыфік падчас канцэрта.