Мітрапаліт Філарэт атрымаў вышэйшую ўзнагароду Камітэта дзяржкантролю
Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, атрымаў вышэйшую
ўзнагароду Камітэта дзяржаўнага кантролю — нагрудны знак КДК. Як паведамілі ў
прэс‑службе камітэта, прадстаяцель Беларускай праваслаўнай царквы ўзнагароджаны «за
значны ўклад у духоўна‑маральнае і патрыятычнае выхаванне работнікаў органаў фінансавых
расследаванняў». Нагрудны знак яму ўручыў 8 красавіка старшыня КДК Зянон Ломаць. Акрамя
гэтага, прадстаўнікам Беларускай праваслаўнай царквы ўручаны ганаровыя граматы Камітэта
дзяржкантролю. Мітрапаліт Філарэт, у сваю чаргу, уручыў кіраўніцтву фінансавай
міліцыі Камітэта дзяржкантролю абраз апостала Паўла, які з 2009 года быў абраны нябесным
заступнікам органаў фінансавых расследаванняў. Менавіта гэтаму святому належаць словы:
«Корань бо ўсім злым — срэбралюбства ёсць». Гэта ж выслоўе працытавана і на абразе. Як
адзначыў мітрапаліт Філарэт, асноўная задача работнікаў фінансавай міліцыі заключаецца
ў захаванні эканамічнай бяспекі краіны і спыненні злачынстваў у эканамічнай сферы.