2010-04-05 12:13:19

Прэзыдэнт Лукашэнка на Вялікдзень ў Царкве загаварыў пра абарону незалежнасці


«Незалежнасць — самае дарагое і святое, што можа быць у чалавека. Давайце берагчы нашу зямлю, захоўваць і прымнажаць яе багацці», — заявіў 4 красавіка Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання мінскага Свята‑Духавага кафедральнага сабора. Як паведаміла ягоная прэс‑служба, кіраўнік дзяржавы павіншаваў усіх хрысціян з Вялікаднем. Паводле слоў Лукашэнкі, ён не толькі як прэзідэнт, але і проста як грамадзянін прыйшоў выказаць удзячнасць царкве, святарам за тую працу, якую яны прыўносяць у жыццё грамадства. «Для таго каб прадстаўнікі розных канфесій маглі спакойна вызначаць свой лёс, нам патрэбна свая зямля, свая дзяржава,— мяркуе Лукашэнка. — Нам трэба абараняць гэтую зямлю. І не дай Божа — са зброяй у руках».
Звяртаючыся да ўсіх прысутных у царкве, Лукашэнка заўважыў, што »сёння ўсе прыхаджане выглядаюць некалькі па‑іншаму, чым у мінулыя гады». «У вас у вачах святло надзеі. І нават не проста надзеі, а ўпэўненасці ў тым, што заўтра будзе яшчэ лепш. Я ўпэўнены, што так яно і будзе. Я буду рабіць усё, каб вам было лягчэй і лепш», — заявіў прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы лічыць сімвалічным, што сёлета Вялікдзень адзначаюць у адзін дзень прадстаўнікі трох хрысціянскіх канфесій. »Мы цалкам здольныя жыць у дружбе і міры», — падкрэсліў Лукашэнка. Прэзідэнт адзначыў вялікі ўнёсак мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі ў дасягненне міжканфесійнага міру ў краіне. Як паведамляе прэс‑служба, нагадваючы паўтарадзесяцігадовую працу з Філарэтам, Лукашэнка зазначыў, што за гэты час у іх ніколі не было супярэчнасцей. «Уладыка заўсёды быў карэктны, акуратны ў выказваннях і ўчынках. Вельмі хацелася б, каб Гасподзь пасылаў нам толькі такіх служыцеляў царквы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт яшчэ раз павіншаваў мітрапаліта Філарэта з юбілеем і выказаў удзячнасць яму «за ўсё тое добрае, што ён зрабіў для беларускага народа». Лукашэнка і Філарэт абмяняліся велікоднымі дарамі. У прыватнасці, паведамляе прэс‑служба, прэзідэнт перадаў кіраўніку Беларускай праваслаўнай царквы велікоднае яйка, створанае ва ўнікальнай тэхніцы сожскай скані, распрацаванай беларускім майстрам Уладзімірам Цакуновым. Вышыня яйка прыблізна 50 см. Унутры размешчана мініяцюрная скульптура прападобнай Ефрасінні Полацкай, па баках — два разныя медальёны з выявамі святога роўнаапостальнага Кірыла і праведнага Філарэта Міласцівага. Вянчае яйка разны купал, стылізаваны пад мітру.








All the contents on this site are copyrighted ©.