2010-04-05 11:04:21

Вялікоднае пасланне Папы аб вызваленні з няволі граху


RealAudioMP3
Гэтыя словы вялікодных пажаданняў для беларусаў і ўсіх людзей добрае волі дайшлі а паўдні, ў нядзелю 4-га красавіка за пасрэдніцтвам радыё і тэлебачання, якіх было больш за сотню, да больш за 60-т краін свету.
Традыцыйная вялікодная сустрэча Папы з вернікамі, спалучаная з надзяленнем Апостальскага Блаславенства “Урбі эт Орбі” ( Гораду Рыму і Свету) была папярэджана Эўхарыстыяю, якую Папа Бэнэдыкт 16 адслужыў на Плошчы Святога Пятра, якая была ўпрыгожана кветкамі, як райскі сад. Нягледзячы на дажджлівае надвор”е ў Імшы прынялі ўдзел тысячы вернікаў. У годзе, калі ўсе хрысціяне і гэбрэі святкуюць Пасху ў тым самым часе, Святы Айцец у сваім Вялікодным пасланні спаслаўся на адну з галоўных падзей Пасхі, якая ўспамінае пераход Выбранага народу цераз Чырвонае Мора. Уваскрасенне Хрыста, як адзначыў Папа, ёсць ажыццяўленнем таго, што прадказваў “эксодус”, выхад Ізраіля з Ягіпецкае няволі, а менавіта канчатковым вызваленнем”.
“Гэты эксодус, вынік у асноўным унутры самога чалавека і з”яўляецца новым нараджэннем у Духу Святым, праз хрост, які Хрыстус даў нам менавіта ў пасхальнай таямніцы,- сказаў Пантыфік ў вялікодным пасланні,- Стары чалавек уступае месца новаму. Пакідаючы ранейшае жыццё, мы можам хадзіць у абноўленым жыцці” (Рым 6,4) Духоўны “эксодус” з”яўляецца асновай поўнага вызвалення, якое дазваляе аднавіць кожны чалавечы апект, асабісты і грамадскі. Так, браты, Пасха ёсць сапраўдным збаўленнем чалавецтва. Калі б Хрыстус- Ягня Божае,- не праліў сваю Кроў за нас, мы не мелі б ніякай надзеі, і нашым прызначэннем і цэлага свету, непазбежна была б смерць. Аднак Пасха адмяніла гэтую тэндэнцыю: ўваскрасенне Хрыста з”яўляецца новым стварэннем, як прышчэпак, які можа аднавіць расліну. Гэта падзея, якая глыбока змяніла ход гісторыі, шаля перахілілася назаўсёды ў бок дабра, жыцця, даравання. Мы свабодныя, мы збаўленыя”,- сказаў Бэнэдыкт 16.
Папа далей адзначыў, што праўда аб збаўленні здзейсненым Хрыстом, ёсць прызначана для ўсяго свету. Касцёл павінен абвяшчаць яе ўсім людзям, каб такім чынам, пасхальнае здарэнне перамяніла свет знутры.
“Пастаянна, больш за дзьве тысячы гадоў, хрысціяне,- асабліва святыя,- ўзбагацілі гісторыю збаўлення жывым дасведчаннем Пасхі”,- сказаў Святы Айцец,- “Касцёл з”яўляецца народам “эксодусу”, які пастаянна жыве пасхальнаю таямніцаю і пашырае яе аднаўляючую сілу ў кожным часе і ў кожным месцы. Нават у нашыя дні чалавецтва патрабуе “эксодусу”, не павярхоўных карэктаў, але духоўнага і маральнага навернення. Патрабуе евангельскага збаўлення, каб выйсці з крызісу, які глыбокі і, такім чынам, патрабуе глыбокіх зменаў, пачынаючы ад сумленняў”,- заахвочваў Папа.
Бэнэдыкт 16 указаў канкрэтныя сітуацыі і месцы у свеце, якія ў асаблівы спосаб патрабуюць сёння вызваляючай сілы Уваскрослага.
RealAudioMP3
“Упрошваю Езуса Хрыста, каб на Блізкім Усходзе, асабліва ў Зямлі асвячанай Яго смерцю і ўваскрасеннем, наступіў сапраўдны і канчатковы “эксодус” народаў ад вайны і насілля да міру і гармоніі”,- сказаў Папа,- “Хрысціянскім супольнасцям, якія асабліва ў Іраку праходзяць спробы і церпяць, хай Уваскрослы паўторыць поўныя суцяшэння і ўмацавання словы, з якімі Ён звярнуўся да апосталаў у Вячэрніку: “Мір вам”. У краінах Лацінскае Амерыкі і Карыбскага басейна, дзе небяспечна павялічваецца злачыннасць, звязана з незаконным абаротам наркотыкаў, хай Пасха Хрыста будзе перамогай мірнага суіснавання і пашаны супольнага дабра. Узлюблены народ Гаіці, дасведчаны страшнай трагедыяй землятрасення, хай перажыве “эксодус” ад жалобы і роспачы да новай надзеі, якая ўзмацоўвалася б міжнароднай салідарнасцю. Узлюбленыя грамадзяне Чылі, на якіх таксама ўпала вялікая катастрофа, хай ўзмоцненыя ў веры, са стойкасцю ўздымаюць адбудову краіны.
Сілаю Уваскрослага Езуса хай будзе пакладзены канец канфліктаў у Афрыцы, якія пастаянна спрычыняюць разбурэнні і цярпенні ды будзе асягнута мір і прымірэнне, якія з”яўляюцца залогам развіцця. У прыватнасці даручаю Пану будучыню Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Гвінэі і Нігерыі. Хай Уваскрослы умацоўвае хрысціян, якія з прычыны веры церпяць пераследаванні, а часам і забіваюць іх, як у Пакістане. Краінам прыгнечаным тэрарызмам, сацыяльнаю і рэлігійнаю дыскрымінацыяю хай дасць сілу, неабходную для наладжання дыялогу і мірнага суіснавання”,- заклікаў Бэнэдыкт 16.
Святы Айцец гаворачы аб крычычных пунктах свету, звярнуў увагу на “культуру смерці”, якая пашыраецца і звярнуўся да кіраўнікоў краін, каб эканоміка прытрымлівалася праўды, справядлівасці і братняй дапамогі. На заканчэнне Пантыфік прыпомніў, што ўваскрасенне не робіць магічнай перамены свету, а таксама не вызваляе чалавека ад гісторыі. Перамена, якую ўводзіць Хрыстус, з”яўляецца лучнасцю чалавецтва з Богам і адкрыццём яе рэальнае будучыні.


Пасхальны панядзелак, як і наступны дзень, у Ватыкане з”яўляюцца выхаднымі днямі. Папа праводзіць іх у летняй рэзыдэнцыі ў Кастэльгандольфо блізка Рыму, дзе ў панядзелак 5-га красавіка сустрэўся з вернікамі на малітве вялікоднага перыяду “Каралева Неба”. У Ватыкан Бэнэдыкт 16 вернецца ў сераду, каб сустрэцца з вернікамі на агульнай аўдыенцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.