2010-03-26 12:01:23

У Ватыкане быў абвешчаны расклад вялікодных набажэнстваў пад кіраўніцтвам Святога Айца


Апостальская Сталіца абвясціла расклад набажэнстваў, якія ўзначаліць Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у перыяд Вялікага тыдня і ва ўрачыстасць Вялікадня.
28 сакавіка 2010 г., у Пальмовую нядзелю, Папа благаславіць пальмовыя галіны на плошчы перад ватыканскай базылікай, узначаліць урачыстую працэсію і ранішнюю святую Імшу.
У Вялікі чацвер, 1 красавіка, Пантыфік будзе цэлебраваць два набажэнствы: раніцай у базыліцы святога Пятра адбудзецца літургія і цырымонія асвячэння алеяў, а ўвечары — Імша Вячэры Пана, якая адбудзецца ў Латэранскай базыліцы. Усе сродкі, сабраныя падчас гэтай літургіі, прызначаюцца на дапамогу Гаіці і пойдуць на адбудову семінарыі, разбуранай землятрусам.


Увечары ў Вялікую пятніцу, 2 красавіка, Святы Айцец будзе цэлебраваць літургію Мукі Пана ў ватыканскай базыліцы і ўзначаліць Крыжовы шлях у рымскім Калізеі.


Увечары ў суботу, 3 красавіка, Папа правядзе ў базыліцы святога Пятра Пасхальную Вігілію, а раніцай у нядзелю — велікодную святую Імшу на плошчы Святога Пятра. Апоўдні Пантыфік выйдзе на балкон базылікі, каб абвясціць традыцыйнае пасланне «Urbi et orbi» («Гораду і свету»).








All the contents on this site are copyrighted ©.