2010-03-25 14:36:45

Чайна-таўн у Менску?


Беларускія ўлады плянуюць стварыць у Менску кітайскі мікрараён. Гатэлі, рэстараны й крамы будуць пабудаваныя паводле ўзору кітайскай традыцыі й павінны, згодна зь ідэяй інвэстыцыі, прыцягваць замежных турыстаў у беларускую сталіцу.
Як паведамляе карэспандэнт Польскага радыё ў Менску, будову аб’ектаў павінен пачаць адзін з кітайскіх канцэрнаў у бягучым годзе. Частка гатэляў і рэстаранаў плянуецца ўвесьці ў эксплюатацыю цягам двух гадоў. Такім чынам улады Беларусі рыхтуюцца да Чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2014 годзе.
Гэта ня першая экзатычная інвэстыцыя ў Менску. Некалькі тыдняў таму падпісана пагадненьне з Аманам на стварэньне ў цэнтры беларускай сталіцы арабскага мікрараёну. Урад Аману атрымаў дазвол на набыцьцё зямельнага ўчастку й будову гатэльна-рэстараннага комплексу. Акрамя таго, улады Беларусі плянуюць пераўтварыць Менск ва ўсходнеэўрапейскі Лас-Вэгас: у спэцыяльна створаных зонах маюць паўстаць гульнявыя цэнтры й асяродкі азарту.








All the contents on this site are copyrighted ©.