2010-03-18 13:21:05

У кароне Багародзіцы камяні з Месяца і Галгофы


З гэтага часу Чорная Мадонна панясе ва ўласным ўборы камяні з Месяца, Меркурыя і Марса. Папа Рымскі блаславіў дзве новыя кароны для абраза Чорнай Мадонны Чэнстахоўскай.
Гэтыя ювелірныя шэдэўры былі створаны з ахвяраванняў тысяч палякаў, прынесеных паводле малітоўных абяцаньняў у падзяку за цудоўныя падзеі. Чэнстахоўская Мадонна, галоўная святыня Польшчы, вельмі вядома таксама і ў нашай краіне і шануецца як цудатворная роўна каталікамі і праваслаўнымі. Дэлегацыя на чале з прыёрам кляштара паўлінаў на Яснай Гуры аб. Раманам Маеўскім прадставіла кароны Бенедыкту XVI на прыканцы генеральнай аўдыенцыі 3 сакавіка.
Аўтар карон - вядомы майстра з Гданьска Марыюш Драпікоўскі. Кароны выкананыя з золата, і, па словах аўтара, нясуць у сабе глыбокі сымбалізм. Багародзіца, як Месяц, свеціць адлюстраваным святлом Хрыста-сонца. Тры зоркі ў цэнтры кароны Божай Маці сімвалізуюць тое, што яна заўсёды Дзева, падчас і пасля нараджэння Езуса. У гэтых зораках выкарыстаны камяні з Месяца, Марса і Меркурыя. Яны былі ахвяраваны кляштару прыкладна два гады таму, пры гэтым сапраўднасць камянёў пацверджана лабараторыяй NАSА.
Акрамя таго, карона ўпрыгожана бурштынавымі лілеямі з украпінамі расліннага арнаменту і шасціканцовымі зоркамі. На падставе кароны голуб, які сімвалізуе Святога Духа, па баках - камяні з Грота ў Назарэце. На зубцах змешчаныя сем буйных пярлінаў рэдкага блакітнага колеру.
Карона Хрыста ўпрыгожана дыяментамі і рубінамі. У яе падставе змешчаны камень з Галгофы, перададзены францысканцамі. У цэнтры знаходзіцца упрыгожванне XVII стагоддзя з сімваламі мукі Пана. Наверсе кароны знаходзіца крыж на бурштынавым яблыке. Усяго ў абодвух каронах змешчана больш за 2100 брыльянтаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.