2010-03-02 14:50:08

Ушанаванне наваградзкіх Мучаніцаў


28 лютага 2010 г., у другую нядзелю Вялікага Посту група грэка-каталіцкіх вернікаў з Ліды і Наваградка зьдзейсьніла пілігрымку да мошчаў Блаславёных Мучаніцаў Сёстраў-Назаратанак, што захоўваюцца ў фарным касьцёле ў Наваградку.
Пілігрымку ўзначаліў душпастыр Лідчыны і Наваградчыны а. Андрэй Буйніч.
Да малітвы пілігрымаў далучыліся Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей і прадстаўнікі грэка-каталіцкай парафіі ў Івацэвічах.
Пілігрымка праходзіла напярэдадні 10-годдзя Бэатыфікацыі Наваградзкіх Мучаніцаў, якая мела месца 5 сакавіка 2000 г. у Рыме.
Гэтая пілігрымка беларускіх грэка-католікаў у Наваградак, да месца мучаніцтва Блаславёных Манахіняў, адбылася ў рамках Году Сьвятарства з малітвай за сьвятароў, манахаў і манахіняў нашай Царквы і асабліва за пакліканьні да сьвятарскага і манаскага служэньня.
 
“Мошчы Блаславёных манахіняў-мучаніцаў спачываюць у гэтым старажытным храме побач алтара Навагрудзкай Іконы Маці Божай. Малітвы Багародзіцы і гераічны подзьвіг любові Блаславёных Мучаніцаў няхай ўзмацняюць усіх нас ў любові да Бога, да Царквы і нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны,” – зазначыў Архімандрыт Сяргей.


Блаславёныя Мучаніцы з Наваградка – сястра Марыя Стэла і дзесяць Сёстраў з Ордэну Сясьцёр Сьвятой Сям’і з Назарэту загінулі мучаніцкай сьмерцю ад рук нацысцкіх акупантаў 1 жніўня 1943 году. Гэта быў перыяд ІІ Сусьветнай вайны – час перасьледу за веру.


Сёстры-назаратанкі прыехалі ў Наваградак па запрашэньні Слугі Божага Біскупа Пінскага Зыгмунта Лазінскага, каб заняцца выхаваньнем і навучаньнем дзяцей. Сёстры былі супольнасьцю, якая служыла шматнацыянальнаму насельніцтву горада. Яны несьлі дапамогу людзям у мірны час, а тым больш дапамагалі ў перыяд фашысцкай акупацыі, асабліва сем’ям перасьледаваных, увязьненых, замучаных. У гэтых складаных абставінах сёстры-назаратанкі вырашылі ахвяраваць сваё жыцьцё за ўвязьненых сваякоў гэтых сем’яў.


Паводле настаяцеля “вітаўтавай фары”, кс. Аляксандра Зянкевіча, ігуменя Марыя Стэла прасіла: “Божа, калі неабходнаю ёсьць ахвяра жыцьця, няхай лепш растраляюць нас, чым тых, хто мае сем’і, – молімся нават пра гэта”.

Бог гэтую ахвяру прыняў. 31 ліпеня, увечары, сясьцёр выклікалі ў камісарыят паліцыі. Пасьля вячэрняй малітвы 11 сёстраў прыйшлі па выкліку. У гэты ж вечар фашысты вывезьлі іх за горад, шукаючы месца для страты. Не знайшоўшы, вярнуліся ў камісарыят і замкнулі сёстраў у піўніцы. На наступны дзень, у нядзелю, 1 жніўня 1943 году, каля 5-ай гадзіны ранку сёстраў зноў вывезьлі за 5 кіламетраў ад гораду.
Там, у лесе, растралялі 11 сёстраў-назаратанак, якія аддалі сваё жыцьцё за іншых.








All the contents on this site are copyrighted ©.