Бэнэдыкт 16 заклікаў Касцёл у Румыніі і Малдавіі да еднасці
12 лютага Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з каталіцкімі біскупамі Румыніі
і Малдавіі ў межах візіту іерархаў “ad limina Apostolorum”. Папа заахвоціў біскупаў
да клопату аб еднасці Касцёла ў гэтых краінах, а таксама да супрацоўніцтва з Праваслаўнай
Царквой. Ён нагадаў аб цяжкіх выпрабаваннях, якія выпалі на долю хрысціян абедзвюх
краін, і аддаў пашану памяці біскупаў, святароў, законнікаў і законніц, а таксама
свецкіх вернікаў, якія ў перыяд камуністычнага пераследу «выказалі нязломную прыхільнасць
да Хрыста і Яго Касцёла, захаваўшы непарушную веру». Заклікаў біскупаў Румыніі і
Малдавіі да еднасці са святарамі, глыбокай зацікаўленасці ў іх духоўным і матэрыяльным
становішчы, а таксама да правядзення належнай фармацыі будучых душпастыраў. Святы
Айцец адзначыў і неабходнасць супрацоўніцтва з законнымі супольнасцямі, якое дазволіць
разам выконваць апостальскую місію згодна з харызмай кожнага і ў еднасці з мясцовым
Касцёлам. Бэнэдыкт XVI указаў на патрэбу большай колькасці пакліканняў да святарства,
дадаўшы, што ўвагі патрабуе таксама фармацыя пасвячаных асобаў. Папа звярнуў увагу
на праблемы жыцця сям’і ў абедзвюх краінах, якія ўплываюць на сітуацыю Касцёла. У
сувязі з гэтым Святы Айцец заахвоціў біскупаў да ўтварэння ў парафіях сямейных кансультацый,
якія забяспечаць належную падрыхтоўку да сужэнскага жыцця. Таксама Пантыфік адзначыў
вялікую ролю душпастырства моладзі і заклікаў ствараць фармацыйныя асяродкі, дзе моладзь
магла б пазнаваць сапраўдныя каштоўнасці і сведчыць аб іх у сваім асяроддзі. Пры
вырашэнні гэтых задач, па словах Бэнэдыкта XVI, важным з’яўляецца сведчанне братэрства
паміж католікамі і праваслаўнымі. Папа выказаў надзею, што існуючыя праблемы ў адносінах
Цэркваў у гэтых краінах будуць вырашаны ў духу справядлівасці і любові. Акрамя гэтага,
Святы Айцец нагадаў аб неабходнасці супрацоўніцтва Цэркваў у справе абароны хрысціянскіх
каранёў Еўропы, хрысціянскіх каштоўнасцяў і супольнага сведчання ў галіне сямейнага
жыцця, біяэтыкі, правоў чалавека, этыкі грамадскага жыцця і экалогіі.