2010-02-11 14:49:41

Фестываль праваслаўных песнапенняў "Каложскі благавест" праходзіць ў Гродне



У ім прымуць удзел 39 калектываў з Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Украіны, а таксама ўпершыню з Арменіі і Сербіі. У час фестывалю ў горадзе пройдуць майстар-класы, канферэнцыі, тэматычныя выставы. У музеі гісторыі рэлігіі адбудзецца літаратурна-музычны вечар, дзе прагучаць рэлігійныя вершы самадзейных паэтаў і аўтарскія песні. У кінатэатрах Гродна напярэдадні фестывалю пройдуць паказы мастацкага фільма расійскага рэжысёра Аляксандра Прошкіна "Цуд" (кінатэатр "Усход", 9 лютага) і дакументальнага фільма "Крыж супраць свастыкі".Фестываль праваслаўных песнапенняў "Каложскі благавест" - лютаўская аддушына для гродзенцаў. Такую думку выказаў журналістам старшыня журы фестывалю кампазітар іерэй Андрэй Бандарэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.Паводле яго слоў, "Каложскі благавест" - гэта фестываль асаблівага гучання, ён дае надзвычайную сілу і энергію. Менавіта таму гродзенцы з такім нецярпеннем кожны год чакаюць гэтую падзею. Канцэртныя залы ў дзень адкрыцця і закрыцця форуму не могуць умясціць усіх жадаючых - так праяўляецца жаданне людзей праз музыку далучыцца да сапраўдных духоўных каштоўнасцей. І ў гэтым годзе ўсе білеты на канцэртныя дні фестывалю прададзены задоўга да яго пачатку. "Вельмі хацелася б, каб як мага больш слухачоў маглі пабываць на канцэртах, бо такую музыку больш нідзе не пачуеш, ні па радыё, ні па тэлебачанні", - адзначыў айцец Андрэй.Кампазітар асабліва падкрэсліў, што фестываль "Каложскі благавест" - гэта не толькі святочны акорд, некалькі лютаўскіх дзён, калі з'язджаюцца калектывы з розных краін і можна пазнаёміцца з праваслаўнай пеўчай культурай, афарбаванай рознымі нацыянальнымі выканальніцкімі фарбамі. "Важна перш за ўсё тое, што фестываль стаў стымулам для бесперапыннага духоўнага і творчага пошуку, працы, малітвы як для прыходскіх калектываў, так і для свецкіх, дзіцячых, усіх. Расце ўзровень пеўчага майстэрства, з'яўляюцца новыя цікавыя калектывы. У гэтым сутнасць фестывалю, дзеля гэтага ён ствараўся", - сказаў айцец Андрэй. Так, у гэтым годзе ўпершыню на фестывалі гродзенцы пачуюць хор з краснасельскага храма, квартэт з Зэльвы, жаночы ансамбль з пасёлка Пагранічны, аўтэнтычны ансамбль з вёскі Дабраволя, дзе рэгент Зінаіда Кучук працуе ўжо амаль 60 гадоў. Асабліва цікавым для слухачоў, канкурсантаў і журы будзе вопыт далёкіх гасцей і канкурсантаў фестывалю - жаночага ансамбля манастыра святога Гегарда з Ерэвана і хору "Бранка" кафедральнага сабора горада Ніш (Сербія). Напрыклад, армяне прадставяць раннехрысціянскія распевы IV-VIII стагоддзяў, унікальную творчасць, а таксама творы нацыянальнага кампазітара. "Вельмі важна, што выканаўцы на фестывалі маюць магчымасць паслухаць адзін аднаго, узбагаціцца новымі падыходамі, прыёмамі, павысіць выканальніцкае майстэрства", - заўважыў Андрэй Бандарэнка.








All the contents on this site are copyrighted ©.