2010-02-02 13:49:23

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Мітрапаліт Філярэт павіншавалі Патрыярха Кірыла з гадавінай інтранізацыі



1 лютага 2010 г. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт павіншавалі Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла з гадавінай інтранізацыі.
Па інфармацыі агенцтва «БелТА», у віншаванні Прэзідэнта адзначаецца, што «народы Беларусі і Расіі заўсёды бераглі братэрскае сяброўства і ўзаемапавагу». «Нас звязваюць непарыўнасць гістарычных лёсаў і духоўная культура, заснаваныя на высокіх ідэалах і каштоўнасцях праваслаўя», — гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўніка Рускай Праваслаўнай Царквы павіншаваў таксама Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, які ў гэты дзень, па інфармацыі афіцыйнага партала Беларускай Праваслаўнай Царквы, прыняў удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах з нагоды юбілейнай даты ў кафедральным саборы Хрыста Збаўцы ў Маскве. У віншаванні Мітрапаліт Філарэт падкрэсліў, што імкненне Патрыярха Кірыла захаваць лепшыя дасягненні папярэднікаў і пошук новых шляхоў царкоўнага служэння «прынеслі добры плён». «Гэта пераконвае нас у тым, што Ваша сэрца чуйнае да патрэбаў народа Божага, і Вашымі Першасвяціцельскімі малітвамі Пан шчодра падае дары Духа Святога, якія ўмацоўваюць вернікаў у супрацьстаянні спакусам сучаснага свету і вядуць іх да збаўлення», — дадаецца ў віншаванні.








All the contents on this site are copyrighted ©.