2010-01-29 11:34:26

На свет з"явіўся бюлетэнь "Кніганоша"


Нядаўна з’явіўся на свет супольны “твор” Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Гэта літаратурны бюлетэнь “Кніганоша”.
Патрэба ў такім бюлетэні наспела даўно. Вядома, як няпроста своечасова даведацца пра новыя кнігі. Выдавецтваў ды выданняў шмат, але да гэтага часу няма адзінай крыніцы інфармацыі пра навінкі беларускамоўнага друку. Між тым, у Беларусі выходзіць усё больш і больш беларускамоўнай літаратуры. Патрэбу ў стварэнні падобнага “кніжнага” бюлетэня выказвалі і прадстаўнікі розных выдавецтваў, і аўтары, і чытачы.
Кожнае з прадстаўленых у бюлетэні выдавецтваў цікавае і ўнікальнае, мае свой кірунак, сваю адметнасць. Адны друкуюць кнігі па філасофіі, другія — мастацкую літаратуру (творы сучасных аўтараў альбо класікаў), трэція папулярызуюць абсалютна невядомую чытачу гісторыю і культуру беларускага замежжа, а іншыя выдаюць слоўнікі, даведнікі ды кнігі па гісторыі Беларусі.
Бюлетэнь “Кніганоша” будзе распаўсюджвацца па грамадскіх бібліятэках і бібліятэках пры навучальных установах па ўсёй Беларусі.
У першым нумары бюлетэня ў рубрыцы “Аўтограф” чытач зможа прачытаць інтэрв’ю Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, а таксама азнаёміцца з апошнімі кніжнымі навінкамі.
Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады; Уладзімір Сіўчыкаў. Бювар: Маналогі і дыялогі; Капусьцінскі Рышард. Імпэратар. Падарожжы з Герадотам, Гілевіч; Н. Выбраныя творы -- вось толькі некаторыя кнігі, пра якія можна даведацца, прачытаўшы першы нумар “Кніганошы”.
Агулам жа, у першым нумары бюлетэня змешчана інфармацыя больш чым пра 40 кніг.








All the contents on this site are copyrighted ©.