2010-01-20 13:19:10

Свята Богаяўлення на Беларусі


Больш за 65 тысяч вернікаў прынялі ўдзел па ўсёй Беларусі ў богаслужэньнях, якія адбываліся ў храмах ноччу з 18 на 19 студзеня ў сьвята Богаяўленьня, ці інакш называнага Вадохрышчам.
Сьвята Богаяўленьня – гэта ўспамін хросту Ісуса Хрыста ў рацэ Ярдан. Ахрысьціў Божага Сына Ян Прадвесьнік, якога таксама называлі Янам Хрысьціцелем. У той дзень Бог аб’явіўся людзям у трох постацях
У народзе сьвята Богаяўленьня хутчэй называецца Вадохрышчам. Зьвязана гэта з тым, што ў храмах служыцца адмысловы чын асьвячэньня вады. Сьвятая вада (агіясма) найперш выкарыстоўваецца як духоўная дапамога веруючым, яна мае таксама лекавыя якасьці. Сьвятая вада многія гады захоўвае сваю сьвежасьць. Агіясму можна спажываць нашча пасьля адпаведнай малітвы.
Напярэдадні і ў само Вадохрышча сьвятары асьвячаюць таксама бліжэйшыя вадаёмы. Айцец Аляксандар падкрэсьлівае, што гэта даўняя традыцыя, якая захавалася і ў Беларусі.
Сьвята Богаяўленьня мела сваё значэньне і ў народным календары, зь ім былі зьвязаныя шматлікія народныя традыцыі, а ў цудадзейную моц асьвечанай вады верылі яшчэ ў дахрысьціянскія часы. Напрыклад, казалі: хто першы зачарпне сьвятой вады й вернецца дадому, той першы зьбярэ з поля свой ураджай. На Вадохрышча таксама варажылі ў гаспадарчых справах.












All the contents on this site are copyrighted ©.