Бэнэдыкт 16 прыняў на аўдыенцыі новых паслоў пры Апостальскай Сталіцы
На агульнай аўдыенцыі ў чацвер 17-га снежня Свяцейшы Айцец прыняў дыпламатаў,
якія прадстаўлялі тры афрыканскія краіны: Кэнію, Судан і Уганду; тры эўрапэйскія:
Данію, Фінляндыю ды Латвію; ды дзьве азійскія: Казахстан і Банглядэш. Яны склалі
вярыцельныя граматы. Кожны з іх выконвае адначасна дыпламатычныя абавязкі ў якойсці
з эўрапэйскіх краін, у якой пастанна жыве. У сваёй прамове да іх Папа гаварыў аб
патрэбе ўласцівых адносін чалавека з стварэннем. Адказнасць за прыроднае асяроддзе
не можа быць перашкодаю ў змаганні з галеччу і голадам. Нішчэнне асяроддзя пагражае
развіццю чалавека і міру і гэта патрабуе ад чалавецтва мабілізацыі сіл ды міжнародных
ініцыятываў. Гэтыя намаганні не павінны быць перашкодаю ў наверненні, гэта значыць
ў зменах цяпершняга развіцця грамадзтваў. Касцёл прапануе,- сказаў Бэнэдыкт 16 да
новых паслоў,- каб гэтая глыбокая мадыфікацыя, якую трэба адкрываць і перажываць,
кіравалася паняццем інтэгральнага развіцця чалавечае асобы. Сапраўды дабро чалавека
не заключаецца ў спажывецтве і накопліванні даброў. Пад гэтым оглядам не толькі рэлігіі,
але таксама і дзяржава маюць бараніць прымат чалавека і духа. Гэта трэба рабіць цераз
палітыку, якая спрыяе роўнаму доступу да духоўных даброў усімі грамадзянамі. Кожнаму
з новых паслоў Бэнэдыкт 16 перадаў накіраванае да іх пасланне. Напрыклад, звяртаючыся
да прадстаўніка Казахстана Папа крануў хрысціянска-мусульманскія адносіны. Паслядоўнікі
Хрыстуса ў гэтай краіне з”яўляюцца маленькаю, хаця ад стагоддзяў ўкаранёнаю меншасцю.
Апостальская Сталіца разам з казахстанскімі католікамі падтрымлівае ініцыятывы прыязні
і дыялогу, як таксама атрыманую 20-ць гадоў таму свабоду і дэмакратыю, якая развіваецца
ў былых камуністычных краінах. Да 20-ці годдзя атрыманай свабоды Папа спаслаўся
таксама ў пасланні да пасла Латвіі. Свяцейшы Айцец прыпомніў доўгую хрысціянскую
традыцыю гэтае балтыйскае краіны. Заахвоціў тамашні Касцёл да давання ўкладу ў палітычнае
і культурнае жыццё народу ды да працы ў карысць бачнае еднасці паслядоўнікаў Хрыстуса.