2009-12-10 14:20:14

Школы для бацькі зьявіліся ў Менску



Як паведаміла інфармацыйнае агенцтва «Белта», у Мінску адкрыліся першыя «тата-школы», створаныя спецыяльна для мужчын, каб навучыць іх прымаць дзейсны ўдзел у выхаванні дзіцяці, быць клапатлівым сем’янінам, любячым мужам і бацькам. Ініцыятарам стварэння гэтых установаў стаў мінскі цэнтр сацабслугоўвання сям’і і дзяцей разам са шведскай кампаніяй. Своеасаблівыя «універсітэты для бацькі» можна будзе праходзіць у трох раёнах сталіцы — Першамайскім, Савецкім і Ленінскім. З цягам часу яны павінны з’явіцца ва ўсіх раёнах горада. Вядома, што заняткі будуць праходзіць два разы ў месяц па выхадных на базе тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Урокі будуць праводзіць мужчыны з добрым сямейным вопытам і спецыяльнай падрыхтоўкай, што будзе садзейнічаць усталяванню на занятках атмасферы братэрства, узаемападтрымцы і жывому абмену думкамі.
Сталічныя «тата-школы» таксама возьмуць прыклад са сваіх шведскіх калег, дзе падобныя ўстановы з прычыны павышанай увагі да дабрабыту сям’і існуюць ужо даўно. Вядома, што ў тых шведскіх сем’ях, дзе бацька праходзіў гэты курс, значна палепшыліся адносіны паміж сужэнцамі, а найбольш радасным вынікам стала з’яўленне ў сям’і дзяцей, нават калі раней сужэнцы не збіраліся іх мець.
Такія школы стануць вялікай дапамогай для сённяшняй беларускай сям’і. Варта адзначыць, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі ўдзяляе выключную ўвагу праблемам сям’і, у прыватнасці, пытанню нараджэння і выхавання дзяцей. Шырокаму спектру падобных праблем была прысвечана канферэнцыя на тэму «Сям’я — супольнасць любові і жыцця», якая адбывалася 18–20 верасня 2009 г. у мінскім касцёле святых Сымона і Алены. У прыватнасці, падчас канферэнцыі адзначалася, наколькі важнымі ў сям’і з’яўляюцца дзеці і ўзаемная любоў сужэнцаў, да якой закліканы чалавек, створаны па вобразе Божым, каб увасобіць у жыцці вобраз Святой Тройцы як асяроддзя бязмежнай любові.








All the contents on this site are copyrighted ©.