2009-12-09 14:26:51

Біскуп Уладыслаў Блін прыняты ў Супольнасьць Айцоў Марыянаў як "далучаны сябра"


 
Ва ўрачыстасць Безаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі – 8 снежня 2009 г., у капліцы Генеральнага дому Айцоў Марыянаў у Рыме, Біскуп Віцебскі Ўладыслаў Блін быў прыняты ў Закон Айцоў Марыянаў як “далучаны сябра” (vir aggregatus).
На рукі Генеральнага Настаяцеля а. Яна Мікалая Рокаша MIC Біскуп Уладыслаў склаў абяцанне выконваць абавязкі, запісаныя ў Канстытуцыях Закону, і кіравацца духоўнасцю Закону Марыянаў у сваёй паслузе Касцёлу.
Літургічнае прыняцце ў Закон адбылося ў рамках заканчэння Юбілейнага Году святкавання 100-годдзя Аднаўлення Закону Айцоў Марыянаў.

На падставе ўласнага манаскага права Закон Айцоў Марыянаў прымае мужчынаў, які прагнуць духоўна далучыцца да рэалізацыі місіі Закону ў Касцёле. Яны атрымліваюць статус “далучанага сябра” і ўдзельнічаюць у пладах малітваў і працы сяброў Супольнасці. Да іх абавязкаў належыць між іншым, згодна з харызмай Закону, распаўсюджванне асаблівага шанавання Найсвяцейшай Дзевы Марыі Беззаганна Зачатай, а таксама шчырая малітва за душы, якія церпяць у чысцы.

Як падкрэсліў у сваім Слове Біскуп Уладыслаў Блін, ягонае святарскае пакліканне сфармавалася дзякуючы паслузе выбітных марыянаў. Санктуарыум Маці Божай у Ліхені (Польшча), да якога малады Ўладыслаў ад маленства хадзіў ў пілігрымку з блізкага Слесіна (дзе жылі ягоныя бацькі пасля пераезду з Беларусі), быў заўжды месцам ягонага духоўнага ўмацавання.

Ужо 10 гадоў Біскуп Уладыслаў Блін з’яўляецца ардынарыем Віцебскай дыяцэзіі, на тэрыторыі якой, у Друі, знаходзіцца першы манастыр беларускіх марыянаў, заснаваны ў 1923 годзе Блаславёным Біскупам Юрыем Матулевічам, Аднавіцелем Закону.
На тэрыторыі гэтай жа Віцебскай дыяцэзіі знаходзіцца таксама Санктуарыум Айцоў Марыянаў у Росіцы – на месцы, дзе ў 1943 г. марыяне – Блаславёныя Антон Ляшчэвіч і Юрый Кaшыра – панеслі пакутніцкую смерць, несучы пастырскую паслугу верным у драматычны час вайны.








All the contents on this site are copyrighted ©.