Бліжэйшыя два гады могуць стаць бязьвізавымі для турыстаў, якія прыяжджаюць у Беларусь
з краінаў Эўрапейскага Зьвязу. Пра гэта заявіў намесьнік міністра спорту й турызму
Чэслаў Шульга на паседжаньні Гарадзенскага гарвыканкаму. Па словах Шульгі, “існуе
зразуменьне з боку зацікаўленых ведамстваў і дзяржаваў”. Канчатковае рашэньне будзе
прынятае ў бліжэйшы час. Адмена візаў для эўрапейскіх турыстаў дазволіць актывізаваць
турызм, вырашыць таксама некаторыя праблемы пры рэалізацыі міжнародных турыстычных
праектаў. На ўвядзеньне бязьвізавага руху быццам бы згаджаюцца ворганы бясьпекі й
прэзыдэнт Лукашэнка. Першыя могуць скарыстацца новымі правіламі жыхары памежных рэгіёнаў
Польшчы й Летувы. Рашэньне будзе дзейнічаць цягам двух гадоў. Варшава й Вільня
дамовіліся ўжо зь Менскам пра ўвядзеньне бязьвізавага руху ў 50-кілямэтровай памежнай
зоне.