Малітва Тэзэ ў Менску: зьбіраемся, каб адкрываць для сябе крыніцу жыцьця
12 лістапада 2009 г. у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі
адбылася супольная малітва, якую ўзначаліў брат Георг з экуменічнай супольнасці Тэзэ
(Францыя). «Для мяне вялікая радасць маліцца сёння тут з вамі, — адзначыў брат
Георг пасля супольнай адарацыі крыжа. — У наш час многія людзі задаюць сабе пытанне:
дзе ж тая крыніца, з якой мы можам чэрпаць сілы? Многіх маладых людзей турбуе будучыня
— іх асабістая і ўсяго грамадства ў цэлым. І таму вельмі важна, што сёння мы разам
сабраліся тут, каб выказаць надзею, якая знаходзіцца ўнутры нас. Мы верым у існаванне
Божага валадарства, і наша надзея абапіраецца на тое, што Бог давярае нам сведчыць
пра яго любоў. А ўрыўкі з Евангелля, зачытаныя падчас малітвы, заклікаюць нас не баяцца
ў гэтай Божай справе». Пасля малітвы маладыя людзі разам прагледзелі відэаролік,
прысвечаны XXXII Міжнароднай сустрэчы еўрапейскай моладзі, што сёлета будзе праходзіць
з 29 снежня 2009 г. па 2 студзеня 2010 г. у Познані (Польшча) і якую традыцыйна арганізоўваюць
браты з супольнасці Тэзэ. Напрыканцы сустрэчы прысутная моладзь мела магчымасць
пагутарыць і падзяліцца сваім духоўным вопытам за кубкам гарбаты.