2009-11-09 14:47:41

Візыт кардынала Вальтэра Каспэра ў Беларусь распачаўся цэлебрацыяй Сьвятой Імшы


8 лістапада 2009 г. у Мінск па запрашэнні Мітрапаліта Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, прыбыў кардынал Вальтэр Каспер. Візіт старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству распачаўся з цэлебрацыі святой Імшы ў мінскім архікатэдральным касцёле. Разам з ватыканскім іерархам прыбыў кардынал Тэадор МакКаррык, арцыбіскуп Вашынгтонскі на пенсіі.
На пачатку святой літургіі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прывітаў замежных іерархаў, Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, святароў і шматлікіх вернікаў. Затым арцыпастыр запрасіў ватыканскага кардынала ўзначаліць Эўхарыстыю.
Падчас гаміліі кардынал Каспер нагадаў пра мэту свайго візіту ў Беларусь: "Гэта ўжо другі мой візіт у Мінск. Сёння я прыбыў, каб сустрэцца з Найдастойнейшым Мітрапалітам Філарэтам і выкладчыкамі Інстытута тэалогіі БДУ. На працягу шматлікіх гадоў адбываецца супрацоўніцтва паміж Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству, Мітрапалітам Філарэтам і Інстытутам тэалогіі. Мы сталі добрымі сябрамі і нас яднае адна мэта: разам працаваць, каб дасягнуць поўнай еднасці Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы".
Прадстаўнік Святога Айца адзначыў вялікі ўклад Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў спрыянне хрысціянскаму адзінству ў гэтай краіне. Пры гэтым кардынал Каспер нагадаў, што экуменічны дыялог адбываецца не толькі падчас адпаведных сустрэч і тэалагічных канферэнцый, ён адбываецца ў штодзённасці. "У штодзённым жыцці вы ўсе сустракаеце шмат праваслаўных хрысціян: сярод суседзяў, на працы, а вельмі часта і ў сваіх сем'ях, - адзначыў старшыня ватыканскага ведамства. - Мы павінны цікавіцца адно адным, цікавіцца верай іншага чалавека, тым, як ён жыве сваёй верай, і пры гэтым паважаць і цаніць адно аднаго. Дзякуючы гэтаму мы можам шмат чаму навучыцца і дапамагчы адно аднаму".
Экуменічны дыялог, як падкрэсліў ватыканскі іерарх, - гэта натхненне Духа Святога, пра што кажа Другі Ватыканскі Сабор. "Я ведаю пра шматлікія цяжкасці і перашкоды, якія існуюць на шляху да еднасці. З абодвух бакоў відавочныя недавер і асуджэнне, памяць аб непрыемным вопыце з мінулага, а таксама пэўныя адрозненні ў традыцыях. Мы не хочам і не можам проста ўзяць і сцерці гэтыя адрозненні. Для нас, хрысціянаў, любоў - гэта найважнейшая запаведзь. Мы павінны быць гатовы прабачаць, пераадольваць асуджэнні праз лепшае пазнанне адно аднаго", - заклікаў кардынал Каспер.
 

 
На заканчэнне святой Імшы адбылося асвячэнне новых стацый Крыжовага шляху. Напачатку была прачытана малітва, пасля чаго кардынал Каспер акрапіў стацыі Мукі Пана, а кардынал МакКаррык акадзіў іх.
Пасля цырымоніі асвячэння Крыжовага шляху скульптар Андрыенка Уладзімір Аляксандравіч і ахвярадаўцы былі ўзнагароджаны падзячнымі граматамі.
Вельмі цёплыя словы ў адрас арцыбіскупа Кандрусевіча скіраваў кардынал МакКаррык, які адзначыў, што Касцёл у Беларусі мае добрага лідэра. Амерыканскі іерарх пажадаў вернікам быць сапраўднымі сведкамі Евангелля і паабяцаў памятаць пра іх у сваёй малітве.
Кардынал Каспер, перад тым як удзяліць прысутным благаслаўленне папы Бэнэдыкта XVI, адзначыў, што "Касцёл у Беларусі квітнее і мае будучыню".
Пасля святой Імшы адбылося набажэнства Крыжовага шляху. Гэту малітву ватыканскі іерарх заклікаў ахвяраваць у інтэнцыі плённага дыялога паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой у Беларусі, а таксама за канферэнцыю, прысвечаную хрысціянска-юдэйскаму дыялогу, якая будзе праходзіць з 9 па 11 лістапада ў Мінску на базе Міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Й. Рау.
Паводле Catholic.by







All the contents on this site are copyrighted ©.