Як паведаміла 27 кастрычніка 2009 г. інфармацыйнае агенцтва «БелаПАН», штогод у Беларусі
памірае ад перадазіроўкі наркотыкаў 120 чалавек. Аб гэтым паінфармаваў загадчык сектара
наркалогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Уладзімір
Максімчук. Па словах загадчыка сектара наркалогіі, зараз на ўліку ў наркалагічнай
службе ў нашай краіне знаходзіцца каля 12 тысяч чалавек. Разам з тым колькасць беларусаў,
што ўжываюць наркотыкі, вышэйшая за гэтую лічбу прыкладна ў сем разоў. Уладзімір
Максімчук адзначыў, што ў апошні час нарказалежныя ў Беларусі ўсё часцей пераходзяць
на сінтэтычныя наркотыкі, у прыватнасці на амфетаміны і псіхастымулятары. Загадчык
старшыні ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Васіль Лосіч
тлумачыць пераарыентацыю на сінтэтычныя наркотыкі тым, што яны часта робяцца ў выглядзе
таблетак, а гэта робіць іх надзвычай «зручнымі» для наркаманаў. Разам з тым ужыванне
сінтэтычных наркотыкаў адзначаецца працяглым негатыўным уплывам на цэнтральную нервовую
сістэму чалавека.
Каталіцкі Касцёл, нагадваючы пра ўсеагульнае пакліканне
да святасці, лічыць наркотыкі вялікім злом і сур’ёзнай небяспекай для сучаснага чалавека.
Наркотыкі — з’ява падманлівай моды, пераймаць якую нярэдка імкнецца чалавек, хоць
пазней плаціць за гэта самую вялікую цану. Уцякаючы ад жыццёвых праблем у штучны свет
задавальнення, які прапануюць наркотыкі, чалавек парывае сувязі з Богам, з іншымі
людзьмі, з самім сабой, адварочваецца ад таго вялікага дару жыцця, які прапанаваў
нам Пан, і адмаўляецца ад Божай падтрымкі ў жыццёвых нягодах.