2009-10-28 14:22:33

Рым. У каланадзе на плошчы святога Пятра ў крыле імя Карла Вялікага адкрываецца выстава, прысвечаная эвангелізатару Кітая, італьянскаму місіянару-езуіту 16 стагоддзя Матэа Річчі


Менавіта гэты рэлігійны навуковец склаў першы кітайскі Атлас свету. Яму належацца кітайскія версіі назваў гарадоў і мясцовасцей Еўропы ; ён даў імя Канфуцый - на еўрапейскі манер - вялікаму кітайскаму мудрацу. З нагоды 400-годдзя ягонае смерці Ватыканскія музеі, Генеральная езуіцкая курыя ды Папскі Грыгарыянскі універсітэт вырашылі расказаць праз дакументы, мастацкія творы, кнігі і партрэты пра жыццё і падзівугодныя дзеі гэтага ўраджэнца маленькага горада Мачераты з поўначы Італіi, дзе цярпліва чакаюць на ягоную беатыфікацыю У 80 гады 16 веку ён жыў у Індыі, а ў 90-я патрапіў у Кітай. Місіянар навярнуў тады не шмат людзей на каталіцтва, але дабіўся вялікай павагі да хрысціянскае веры з боку навукоўцаў і арыстакратаў. Праз айца Річчі кітайцы ўпершыню пазнаёміліся з заходняй картаграфіяй, матэматыкай і астраноміяй. Многія еўрапейскія навуковыя трактаты былы перакладзены з дапамогай гэтага высокаадукаванага езуіта на кітайскую мову.
У сталіцы кітайскай правінцыі Цзянсі айцец Матэо пражыў ад 1595 па 1597 год.У гэты час горад Наньчань быў галоўным культурным цэнтрам Кітаю. Адсюль італьянскі святар-езуіт быў пакліканы ў Пякін да імператара вялікай азіяцкай краіны на пасаду прыдворнага астранома і матэматыка. Цяпер у Наньчані на вялікай плошчы, што атрымала імя айца Матэо Річчі, узведзена ягоная трохметровая статуя.
Айцец-езуіт 62ух год Матэо Річчі памёр у Пякіне у 1610 годзе, амаль усё жыццё праведшы на Азіяцкім кантыненце. Гэты палаючы Хрыстоваю іскраю місіянар навучаў, што, каб данесці Эвангельскае Дабравешчанне, неабходна засвоіць лад думак іншага народу, яго стыль жыцця. Толькі так адкрываюцца шляхі да паразумення і наступнага перадавання таямніцы. І гэткае навучанне айца Матэо Річчі, які прынёс таксама еўрапейскую асвету і навукі ў Азію, - застаецца актуальным заўсёды. Як сцвярджае сучасны італьянскі святар-місіянар у Азіі Джанкарло Поліці, які ідзе. як кажа, па слядах вялікага старажытнага настаўніка -"Каб асягнуць сэрца чалавека, неабходна мець пачуццё павагі да яго і інтуіцыю."
Варта дадаць, што ён быў першым іншаземцам, якому было афіцыйна дазволена прамаўляць пра Хрыста ў сталіцы Паднябеснае. Річчі быў сьвятаром, падарожнікам, астраномам і – у сучасным значэньні слова – лінгвістам. Айцец Річчі атрымаў арыстакратычны ў Кітаю сан "мандаріна" і адзіны з замежнікаў быў пахаваны як высакародны кітаец. Ён пакінуў вялікую духоўную і пісьмовую спадчыну для кітайцаў і еўрапейцаў, пазнаёміўшы свет з Паднябеснай і распачаўшы навуку "сіналогію"(кітаезнаўства). На выставе ў Ватыкане, сказана сёння на прэсканфярэнцыі ў Залі друку Ватыкана, якая завершыцца у сярэдзіне студзеня 2010 году, прадстаўлены экспанаты не толькі з хавальніц Ватыкану і Рыму, але і з музеяў Італіі і Кітаю.







All the contents on this site are copyrighted ©.