Рым. Тут з 26 па 28 кастрычніка пройдзе міжнародная канфярэнцыя "Украіна - Ватыкан".
Дата канфярэнцыі супала з правядзеннем Дзён Украіны ў Рыме, дык удзел у паседжаннях
будзе больш прадстаўнічым. Канфярэнцыя - гэта працяг праекту, па якім ужо адбыліся
тры міжнародныя сустрэчы ў самой Украіне - у Іван-Франкоўску, Адэсе і Кіеве, пасля
чаго выдадзеныя тры навуковыя зборнікі. Старажытныя і ў руху гісторыі складаныя адносіны
мела Украіна з Апостальскай сталіцаю. Сустрэчы й спрыяюць высвятленню гістарычнае
праўды для абодвух бакоў, яктаксама і падвышэнню міжнароднага іміджу сучаснага Кіева
ды наладжвання добрых дыпламатычных стасункаў як з Апостальскім Пасадам, так і з іншымі
краінамі. Праект вядзецца пад кіраўніцтвам Украінскай Акадэміі навук, у асаблівы спосаб
- яе Інстытуту філасофіі імя Скаварады, а таксама Прыкарпацкага нацыянальнага універсітэту
імя Стэфаніка ды Івана-Франкоўскай дыяцэзіі з Тэалагічнай акадэміяй УГКЦ. Украінская
дэлегацыя вязе ў Рым, у падарунак бібліятэкам Вечнага гораду, украінскім асацыяцыям
у Італіі, сваёй Амбасадзе кнігі і іншыя нацыянальныя выданні на розных мовах. У праграме
- сустрэчы з прадстаўнікамі ватыканскай Кангрэгацыі ўсходніх Цэркваў, Усходняга папскага
Інстытуту, УГКЦ у Італіі і дыпламатычных колаў розных краін, прысутных у Італіі і
Ватыкане.