2009-10-27 15:07:25

"Атамны Астравец" Мікалая Ваўранюка ўзнагароджаны на фэстывалі ў Браціславе


Рэпартаж “Атамны Астравец”, у якім журналіст “Белсату” распавядае пра праблему будоўлі атамнай электрастанцыі ў Беларусі, атрымаў спэцыяльную ўзнагароду “Ганаровага Прызнаньня” ў конкурсе 36-га Міжнароднага фэстывалю фільмаў, зьвязаных з тэматыкаю збалянсаванага разьвіцьця “Ekotopfilm 2009”, што адбываецца 19-23 кастрычніка ў Браціславе (Славаччына).
Рэпартаж знаёміць з праблемаю будоўлі атамнай электрастанцыі ў беларускім Астраўцы, што на Гарадзеншчыне. Тэма паўстаньня АЭС у Беларусі — краіне, якая пацярпела ад чарнобыльскай аварыі, найбуйнейшай ядравай катастрофы ў гісторыі, — нікога не пакідае абыякавым.
Мікалай Ваўранюк у сваёй стужцы падае меркаваньні жыхароў Астравецкага раёну: як сябраў пратэставага камітэту, так і прыхільнікаў будоўлі АЭС, якія спадзяюцца на новыя месцы працы і разьвіцьцё рэгіёну. У “Атамным Астраўцы” гучаць аргумэнты фізыкаў, якія падтрымліваюць разьвіцьцё атамнай энэргетыкі, эколягаў і мэдыкаў, што дасьледуюць наступствы катастрофы ў Чарнобылі.
Мікалай Ваўранюк — падляскі беларус, які вось ужо два гады супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат”. Журналіст вядомы сваім шматгадовым досьведам працы ў Беластоцкім аддзеле Польскага грамадзкага тэлебачаньня TVP S. A.


Акрамя “Атамнага Астраўца”, на адбор для фэстывалю былі дасланыя яшчэ 250 стужак прыблізна з 25 краінаў. Сярод дасланых фільмаў і рэпартажаў журы выбрала 94. Менавіта іх, разам з рэпартажам “Белсату”, і паказалі ў рамках фэстывалю.








All the contents on this site are copyrighted ©.