2009-10-19 13:34:57

Арцыбіскуп Кандрусевіч: Ян Павал ІІ быў Майсеем нашых часоў


16 кастрычніка 1978 году польскі кадынал Караль Вайтыла ўвайшоў на Сьвяты пасад Каталіцкага касьцёла. Ём стаў першым за 450 гадоў пантыфікам, які ня быў італьянцам. Больш за тое, ён стаў першым у гісторыі пантыфікам, які прыехаў з краіны камуністычнага блёку.
Ян Павал ІІ быў Маісеем нашых часоў, сказаў у інтэрвію Польскаму радыё Мітрапаліт Менска- Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, узгадваючы выбар паляка на пантыфіка.
Ерарх беларускага Каталіцкага касьцёла зазначае, што 16 кастрычніка 1978 году стаў вялікім днём у гісторыі сучаснага касьцёла.
Тадэвуш Кандрусевіч: Гэта вялікі дзень ня толькі для польскага касьцёла, паколькі гэта польскі пантыфік, але гэта вялікі дзень і для беларускага Каталіцкага касьцёла, для расейскага, для касьцёлаў усяго свету. 31 год таму Бог абраў і паслаў людзям Маісея нашых часоў. Таго, хто зьдзейсьніў вялікі пералом, асабліва тут, у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Калі ўпала атэістычная сыстэма, трэба было будаваць новую цывілізацыю ды ўвесьці Касьёл у ІІІ тысячагодзьдзе. Мы ў Беларусі заўсёды адзначем гэты дзень. Пастаўлена ўжо 13-14 помнікаў Яну Паўлу ІІ.
16 кастрычніка 1978 году арцыбіскуп Кандрусевіч быў слухачом Духоўнай сэмінарыі ў Коўне. Ён узгадвае, што навіна пра выбар новага пантыфіка прыйшла ў Летуву ў той самы дзень.
Тадэвуш Кандрусевіч: Гэты дзень я памятаю вельмі добра. Тады былі цяжкія часы. У сэмінарыю прыходзілі натоўпы людзей, каб запытаць, ці гэта праўда, падзяліцца сваёй радасьцю. Была такая эўфарыя: нарэшце адзін з нас, з нашай сыстэмы. Ён ведае, што ўсё гэта значыць. Ён будзе ведаць, што трэба зрабіць, у якім напрамку весьці касьцёл. Таму гэты дзень я заўсёду ўзгадваю са сьлязамі на вачах.
Арцыбіскуп Кандрусевіч прыняў біскупскае пасьвячэньне з рук Яна Паўла ІІ 20 кастрычніка 1989 году. Таксама на просьбу пантыфіка ў тым жа годзе пачаў выконваць абавязкі апостальскага адміністратара для католікаў у эўрапейскай частцы Расеі. У Менску пастырскую паслугу ён выконвае цягам 2-х гадоў.
Тадэвуш Кандрусевіч: Калісьці ў Рыме адзін з журналістаў запытаў мяне, ад чаго я пачну сваю працу ў Беларусі. Я сказаў, што трэба пачынаць ад фундамэнту. Ёсьць касьцёлы, але зачыненыя. Калі я прыехаў у Расею, пачуў такое ж самае пытаньне. Але тады адказаў, шзто трэба пачынаць капаць фундамэнты. Было 10 зарэгістраваных парафіяў, 8 ксяндзоў, 2 зь якіх мелі 80 гадоў, 4 касьцёлы й 2 капліцы - і гэта ўсё.
Завяршаючы паслугу ў Расеі арцыбіскуп Кандрусевіч пакінуў даволі багатыя плёны сваёй душпастырскай працы: 200 парафіяў, 4 дыяцэзіі, 300 ксяндзоў, 400 манашак, 8 каталіцкіх выдавецтваў, газэту й 4 радыёперадачы. Была заснаваная Духоўная сэмінарыя ў Санкт- Пецярбургу й Тэалягічны коледж у Маскве.


Арцыбіскуп зазначае, што шмат навучыўся, назіраючы за дзейнасьцю Яна Паўла ІІ.
Тадэвуш Кандрусевіч: Трэба вучыцца й вучыцца. Але найперш вучыцца малітвы. Таксама трэба слухаць людзей. Я быў на днях моладзі й сустрэчах. Ён слухаў кожнага чалавека й памятаў пра кожнага чалавека. Ён шанаваў іншыя рэлігіі й іншыя веравызнаньні. Ён быў першым пантыфікам, нага якога перакрочыла парог сынагогі. Ён шанаваў Праваслаўную царкву й вельмі хацеў адзінства хрысьціянаў. Гэта быў вялікі палітык, навуковец, паэт. Гэта сапраўдны ўнівэрсытэт для кожнага ксяндза й біскупа.
У менскім касьцёле сьвятых Сымона й Алены з 16 па 19 кастрычніка пройдуць дні памяці Яна Паўла ІІ.
20 кастрычніка Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыць 20-годзьдзе біскупскага пасьвячэньня. З гэтай нагоды ў менскай архікатэдры ў 18.30 адбудзецца ўрачыстая літургія.
А 25 кастрычніка ў архікатэдры а 13-й гадзіне адбудзецца цырымонія ўручэньня Мітрапаліту ордэна Вялікага Крыжа й адпаведнага дыплёма. Рашэньне аб прыняцьці арцыбіскупа Кандрусевіча ў Сувэрэнны Ваенны Мальтыйскі Ордэн у якасьці Манаха Капэляна Вялікага Крыжа было прынята 5 ліпеня Яго Высокасьцю Правячым Прынцам і Вялікім Магістрам Мальтыйскага Ордэну Фра Мэцью Фэсьцінгам
Паводле Польскага Радыё для замежжа







All the contents on this site are copyrighted ©.