2009-10-08 13:11:36

Беларускі Эпіскапат запросіць Папу Бэнэдыкта 16 ў Беларусь


Менска-Магілёўскі мітрапаліт арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заявіў, што падчас бліжэйшага візыту беларускіх біскупаў ad limina Apostolorum у Ватыкане, Эпіскапат ягонай краіны накіруе да Папы Рымскага Бэнэдыкта XVI афіцыйнае запрашэньне ў Беларусь.
Ерарх Каталіцкага касьцёла ў Беларусі нагадаў, што Бэнэдыкта XVI у краіну ўжо двойчы запрашаў прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. У мінулым годзе запрашэньне Папу Рымскаму перадаў дзяржсакратар Апостальскай сталіцы кардынал Тарчызіо Бэртонэ, а ў красавіку таксама прэзыдэнт падчас свайго візыту ў Ватыкан. Цяпер галаву Каталіцкага касьцёла запросіць беларускі Эпіскапат, - сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. : Ёсьць некалькі нагодаў паломніцтва, напрыклад, 300-годзьдзе менскай катэдры, 100-годзьдзе касьцёла сьвятых Сымона й Алены (Чырвонага касьцёла) – гэта найважнейшыя юбілеі. Прэзыдэнт запрасіў. Усе мы чакаем. Людзі дапытваюцца калі, але я не магу назваць даты. Папа Рымскі сказаў, што калі „Бог адчыніць дзьверы, тады ён увойдзе”! Мы молімся, каб згаданыя дзьверы былі адкрытыя як найхутчэй.
- сказаў Менска-Магілёўскі мітрапаліт, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Візыт беларускіх біскупаў ad limina Apostolorum у Ватыкане адбудзецца 10-14 сьнежня. Арцыбіскуп Кандрусевіч дадаў, што калі б дайшло да паломніцтва, то ў Беларусі магла б адбыцца сустрэча Бэнэдыкта XVІ з патрыярхам Масквы й Усяе Русі Кірылам.








All the contents on this site are copyrighted ©.