Бэнэдыкт 16 вернецца са сваей летняй рэзыдэнцыі ў Ватыкан 3-га кастрычніка. На
разьвітаньне з касьцельнаю і сьвецкаю грамадзкасьцю Кастэльгандольфо быў прызначаны
дзень 1-га кастрычніка. Папа выказаў удзячнасьць тамашняй парафіі, законным зграмадзаньням
як таксама дыяцэзыі Альбано, да якой належыць Кастэльгандольфо, а таксама адміністрацыйным
уладам. Падзякаваў персаналу папскай летняй рэзыдэнцыі, ватыканскай жандармэрыі і
Швейцарскай Гвардыі ды італьякім праваахоўным сілам, якія выконвалі служэньне ў часе
яго перамяшчаньня на верталёце. Разьвітваючыся з Кастэльгандольфо, Пантыфік спаслаўся
да прыпадаючага гэтага дня літургічнага ўспаміну Сьвятой Тэрэзы ад Дзіцятка Ісуса. “Ейнае
сьведчаньне зьвяртае ўвагу на тое, што толькі Слова Божае, якое вернік прыймае і разумее
яго з канкрэтнымі патрабаваньнямі, стае крыніцаю адноўленага жыцьця,- сказаў Сьвяцейшы
Айцец. Нашаму грамадзтву Сьвятая Тэрэза паказвае, як адказ на вялікія пытаньні існаваньня,
“малую дарогу”, якая вядзе да сутнасьці. Гэта дарога любові, якая ў стане ахапіць
кожнае чалавечае здарэньне, надаючы яму сэнс і вартасьць. Дарагія прыяцелі- зьвярнуўся
Папа да прысутных,- ідзіце за прыкладам гэтай Сьвятой. Дарога, якою яна пайшла, ёсьць
ў магчымасьці ўсіх, будучы дарогаю поўнага даверу Богу, які ёсьць Любоў”ю і ніколі
нас не пакідае”.