2009-09-29 14:06:28

У мінулую нядзелю ў вёсцы Салацьце Гарадзенскага раёну рыма-каталіцкі, грэка-каталіцкі і праваслаўны сьвятар супольна асьвяцілі ўсталяваны мясцовыі жыхарамі крыж



На сьвята сабраліся амаль усе жыхары невялічкай вёскі, пераважна каталікі. Ксёндз і праваслаўны бацюшка прыехалі з суседняга мястэчка Парэчча, а вуніяцкі сьвятар — з Горадні.
Крыж усталявалі гарадзенскі каваль Юры Мацко і прадпрымальнік Юры Рэмша. Яны абодва маюць у гэтай вёсцы дамы.
Крыж незвычайных памераў, з дуба, на ім прымацаваны выкаваны Юрасём Мацком крыж сьвятога Бэнэдыкта, якога шануюць, як католікі, вуніяты, так і праваслаўныя
Як зазначыў падчас урачыстасьцяў каталіцкі сьвятар — гэта вельмі сымбалічна, паколькі сьвяты Бэнэдыкт зьяўляецца заступнікам Эўропы.
Імшу адслужыў каталіцкі сьвятар па‑польску, затым па‑беларуску вяскоўцаў віншаваў вуніяцкі сьвятар, а праваслаўны прамаўляў па‑расейску — усім ім цёпла пляскалі ў далоні.
На пытаньне, як ім прыйшла ідэя усталяваць крыж, Юрась Мацко адказаў: «У мяне даўно ўжо была такая думка, дужа тут месца файнае. Ды й жывём мы ўсе тут побач адзін аднаго: каталікі, праваслаўныя, а я і мая сям’я — вуніяты. Думаю, што так і правільна, каб гэты крыж шанаваўся ўсімі».








All the contents on this site are copyrighted ©.